epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Мінуты шчасця

Сплылі ў душу з высі высокай

І зацвілі ў ёй яснавока,

Як светласць бледная аблокаў

На дальнім летнім небасхіле.

 

Цвілі, гулялі пераліўна

Світаннем новым долі дзіўнай;

У казку волі неспажыўнай

Цяклі нявыплаканай сілай.

 

Вялі па сцежках нехаджалых,

Арлом узносілі на скалах,

Карону клалі ў міртных хвалах

На ўсёй будзённасці завілай.

 

Так асянялі, панавалі,

Як сонца бліск на вод крышталі,

Аж пацягнулі вышай, далей,

Туды, адкуль сышлі так міла

 

Вітаю іх і не вітаю,

Стаю, як пільгрым на расстаю

Ў чужым далёкім недзе краю,

Як над пустой стаю магілай.

1911


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан