epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Мой цень

Як прыйдзе дзень майго збаўлення,

З крывавых церняў вызваленне,—

А веру, прыйдзе гэткі дзень,—

З імглы адвечнасці паўстане

І крыжам стане на кургане

Майго жыцця бяссмертны цень.

 

Без воч, без косці, жыл і сэрца,

Сам крыж, на крыж ён абапрэцца

І, ўвесь удумаўшыся ўдаль,

Сачыць пачне ўвесь ад пачатку

Мой шлях, якім шоў да астатку,

Які мне толькі кінуў жаль.

 

Сачыці будзе, як арліца

Дабычу сочыць над крыніцай,

Чаму з жыццём не ўмеў я жыць;

І наракаць, клясці не будзе,

Што я, што мне зрабілі людзі,

Не будзе плакаць ён і выць.

 

Не будзе нават уздыхаці,—

Адно мо вырвецца пракляцце,

Якім я жыў ад малку лет,

Адно сам аб сабе цень скажа

Крыжам, адвечнай сваёй стражы:

Каб не радзіўся лепш на свет!..

 

[1919]


[1919]

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан