epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

На могілках

Стаю на могілках і думу

Ў слязлівым сэрцы калышу,

Ганю ад жыццевага шуму

Ў загробны край сваю душу.

 

Бягуць прыгасшыя зраніцы

Па наспах, плітах і крыжох;

На ўсіх знаць смутак без граніцы,

На ўсіх лет многіх парос мох.

 

Ляжаць зарытыя тут косці

Ваяк гаротных за жыццё,

Сышлі ў зямлю на вечны госці,

Сышлі пад дзёрнаў пакрыццё.

 

Эх! б’ецца, б’ецца хтось нямала

Гаротна ў шчасці, то ў бядзе;

Скасіла смерць—і ўсё прапала...

Дзе гора, доля, думы дзе?

 

Усё ў халоднай спіць магіле

Сном вечным, непрабудным сном.

О смерць! Хто дзе цябе асіліў?

Не йшоў, не злёг пад курганом?

 

Ідуць усе, і я за ўсімі

Сыду з нудой, бядой сваей.

Так цяжка жыць паміж жывымі!

У магіле будзе мо лягчэй.

 

[1906-1910]


[1906-1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com