epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

На папасе

АСОБЫ

1-ы падарожны

2-і падарожны

3-і падарожны

1-ы яздак

2-і яздак

3-і яздак

Незнаёмы

 

Вясенняя ноч. Непадалёк ад гасцінца — хвойнік.

Тры падарожныя збіраюць галлё.

 

1-ы падарожны

 

(прыносячы галіну)

І пуста ж, пуста ў гэтым лесе!

Нідзе галінкі не найсці;

Вось тут абсохні і сагрэйся,

Найдзі дарогу ў беспуцці.

 

А помню, ўсё было іначай:

Папас тут меў ты як папас;

Нічога воз галля не значыў,

Агонь не зводзіўся, не гас.

 

2-і падарожны

(кідаючы сук)

Цьфу! Каб ты ўсё пайшло тут прахам!

Ну, і галоцяць людзі лес:

Па сук і то з вялікім страхам

На хвойку чуць я, чуць узлез.

 

Яшчэ паўгода, год, і будзе

Без бліску вогнішча начлег,

Не раз, не два хтось блудам зблудзе

Усякай погані на смех.

 

3-і падарожны

(кідаючы лазіну)

Вось вам дубец лазы лазою!

З карэння выдзер як ё ўсю;

Змарыўся, змогся, чуць устою,

Каб толькі выкрасіць агню.

 

Хай блісне полымя пад неба,—

Пара манаткі абсушыць...

Я падыду па торбу з хлебам,

А вы вазьміцесь распаліць...

 

1-ы падарожны

 

Я рад бы славы даказаці,

Ды сваю губку замачыў.

2-і падарожны

 

А я свой недзе цыр затраціў,—

Даўно і люлькі не курыў.

 

3-і падарожны

 

Ну, добра! Зараз я вярнуся,—

Запаланее мігам лом:

 

Сярнічак мне дала Кастуся,

Ў мяне яны тут з капшуком.

(Выходзіць.)

 

1-ы падарожны

 

(к другому)

Садзіся, ваша, адпачынем!

Напэўна, спорна умахаў?

Дарожка — хай яна загіне:

Карэння столькі і канаў!

 

Дух чалавеку ўпрост вымае,

Не чуеш костачкі аднэй...

Садзіся, ваша, вось дзе з краю,

Ног зацяганых пажалей.

 

2-і падарожны

 

О, дзякуй, дзякуй, чалавеча!

Я рад спачыну; балазе,

К таму сказаць, і акалечыў

Свой большы палец на назе.

(Садзіцца.)

 

Як неяк холадна на свеце,

Хоць май даўно ўжо на дварэ.

Але, але дзе наш той трэці?

Няўжо ўсё хлеб яшчэ бярэ?..

 

3-і падарожны

(падыходзячы)

А вось і я прыйшоў нарэшце!

Крыху задлякаўся з канём.

Агоньчык толечы развесці,—

А там закусім, аддыхнём.

(Дастае запалкі.)

 

Запалім... А! вось і навука!

Што гэта значыла б такі?

Другую маем закаклюку:

Мае замоклі сернікі.

 

Не дам нічога з імі рады;

Ўпацёмку трэба папасаць.

Вось не пашэнціла, дапраўды!

Ці ж думаў хто так прападаць?!

 

1-ы падарожны

Э, плюнь, суседзе, на ўсё гэта,—

Каб нам такой бяды павек!

Сцюдзёна, цёмна, ды ўсё ж лета

Не счэз ніводзін чалавек.

 

А можа, хто яшчэ над’едзе

І зніме гэты клопат з нас?

Дый першыня ці што, суседзе,

Ў дарозе мець такі папас...

 

1-ы падарожны

 

Мо помніш леташнюю восень;

Ўвесь свет быў глух, і дзік, і пуст;

Шум не сціхае гонкіх сосен:

Здаецца, плача кожны куст.

 

Здаецца, пеклава вяселле

Ўзнялося, круціцца, сапе;

Ні бліску зорак, ні прыселля,

Конь толькі пудзіцца, храпе.

 

Цурком дождж льецца, як бы з луба,

Скаголіць вецер, як той звер,

А мы пад хвойкамі, аж люба,

Начлег спраўляем, як цяпер.

 

3-і падарожны

(прыслухоўваючыся )

Пастой, суседзе, нешта чую:

Як быццам фыркнуў мой гняды...

Кром нас, ніхто тут не начуе,—

Каб не набраціся бяды?

 

1-ы падарожны

Сядзіце вы, а я падскочу

І кіну вокам на вазы:

Мо сена хто наскубсці хоча,—

Вось шэльме дам дык дам лазы.

(Адыходзячы, чапляецца лапцем за сук

і валіцца.)

 

А каб цябе паляруш мучыў!

Чуць-чуць не вывернуў нагу...

На сук на самы неяк лучыў.

Ну. ўжо гатова, ўжо бягу.

(Па нейкім часе варочаецца з Незнаёмым.)

 

Вось вам і злодзея на рукі

На вашы гэттака здаю...

 

Нямнога меў я з ім дакукі,

Пачуў ён сілу, знаць, маю.

У спрэчку доўгую не ўходзіў:

Пайшоў, куды сказаў яму.

 

Незнаёмы

Пакінь плясці! Я вам не злодзей,

І лаяць так няма чаму.

 

Я гэткі самы падарожны,

Як вось і вы, мае людцы;

Закінуць тое толькі можна:

Я без каня, а з коньмі вы.

 

Але, як вы, шукаў начлегу,—

Яго між вамі думаў мець,

Дый не туды, як бачу, ўехаў.

За блуд прыходзіцца жалець.

 

2-і падарожны

А як васпана нам пазнаці,

Што, як сюды ішоў, не меў

Нічога злога даканаці,

Што нават думаць не пасмеў?..

 

3-і падарожны

А праўду, праўду сват гавора,

Мы тое скажам усе тры:

Куды ідзеш? Дзе быў учора?

Што ты за штука?

 

Усе тры

Гавары!

 

Незнаёмы

На рукі гляньце з мазалямі,

Грудзям прыгледзьцеся худым,

І кій, і торба за плячамі

Найлепей скажуць аб усім.

 

З гразёй не будзеце мяшаці,

Далей адпусціце ісці...

І вас чакаюць дзеткі ў хаце,

І вы бяспутнікі ў жыцці!

 

Вось лепш асвецім гэту кнею,

Святлу з нас пэўна ўсякі рад...

Я гаварыці казкі ўмею,

І песень такжа ўмею шмат.

 

1-ы падарожны

Як бачым, ты глядзіш іначай.

 

2-і падарожны

 

Відаць, не злодзеевы род.

 

3-і падарожны

 

А хто б падумаў? Так прастачы

I твой убор, і твой паглёд!

 

1-ы падарожны

І казкі ўмее, і за песняй,

Відаць, не пойдзе ў кішаню.

 

2-і падарожны

Адно бяда,— што, хоць ты трэсні,

Не можам выкрасіць агню!

 

Незнаёмы

Усё, усё мець зараз будзем:

Заўсёды ё ў мяне святло,

І з ім мы тут не замарудзім

Лясным падсуседзям назло.

(Запальваючы лом.)

 

Гары, гары, ламок, агніста!

Вы, браткі, сядзьце у кружок,

І да зары да залацістай

Нас будзе слухаць саснячок.

 

Адкуль—ці песняю, ці казкай —

Пачаць вам думкі весяліць?

 

3-і падарожны

А ўжо, калі там ваша ласка,

То й песню можна закаціць.

 

1-ы падарожны

А после скажаш, дабрадзею,

Хто ты, адкуль, куды ідзеш?

Цаніць людзей і мы умеем,

Хоць маем гэткіх штораз менш.

 

Незнаёмы

Ну вось і слаўна! Што больш трэба?

Агонь, суседзяў грамада;

Навокал лес, над лесам неба,

А там — і зорак чарада.

Люблю я гэткія прыцуды!

Тут чалавек—як чалавек;

За думкай думка мкнецца ўсюды.

Сон не чапляецца павек.

(Пяе.)

 

Жыў на свеце Лявон,

Молад, дужы быў ён,

Толькі з воляй і доляй не бачыўся:

Сонны сэрцам, душой,

Драмаў ў хаце крывой,

А выходзіў — слязамі след значыўся.

 

Аж вось чуе Лявон

З усіх клікі старон,

Што ён дурань, жыве па-быдлячаму,

Ды сам тут зразумеў,

Што дум светлых не меў,

Што падобен быў дрэву хадзячаму.

 

Зварухнуўся Лявон,

Як вада, як агонь,

Пазнаў сілу ў сабе небывалую;

Ўжо бяда — не бяда,

Ўжо нуда — не нуда,

Запеў песні свае разудалыя.

 

Зямля стогне, дрыжыць,

Як пяе, як крычыць,

Як прасвету сабе дамагаецца;

Аж ад песень такіх

Страх напаў на другіх,

І вось чорная моц падымаецца.

 

І пайшло ўсё ўверх дном.

Свісты, енкі кругом,

Груганы на здабычу злятаюцца:

Шчасце даць бедаку

Не ўсім шло на руку,—

Не ў руку, што Лявон прачыхаецца.

 

Дарма сілен Лявон,

І адважны так ён,—

На падмогу дарма ён надзеецца:

Галаву у баю

Даў за праўду сваю,—

Толькі памятка — насып віднеецца.

 

Ляжыць, дрэмле Лявон,

На грудзях вырас клён;

Калі ж вецер на свеце расходзіцца,

Шуміць шумна той клён:

Яшчэ ўстане Лявон —

Гэй, Лявоны у нас не пазводзяцца!

(Перастаўшы пяяць.)

 

Вось і канец вам песні-байцы,

Ці ў ёй панятна толькі ўсё?..

Калі не так што — выбачайце,

Даконча ваша вам жыццё.

 

1-ы падарожны

 

О, песню важную такую

Не пойме толькі гліны ком...

Цяпер няхай жа мы пачуем

Штось трохі аб жыцці тваём.

 

2-і падарожны

 

А я крыху галля падбаўлю.

 

3-і падарожны

 

(да другога)

Я памагу табе крыху.

 

1-ы падарожны

 

Аброці коням я папраўлю.

 

Адыходзяць усе тры.

 

Незнаёмы

(услед падарожным)

Я адпачыну на маху.

(Адзін.)

 

О люд мой, лапатны, патульны,

За што цябе я так люблю?

За што твой гоман неразгульны

І думкі ўсе твае лаўлю?

 

Ты лёг мне каменем на сэрцы,

Які не ў сілах зваліць я...

Што тут пачаці ў паняверцы?

Жыві ў жыцці і без жыцця.

 

Ідзеш, брыдзеш, а на дарозе —

То косць, то камень, то бадыль;

У брата станеш на парозе,

А ён табе... О божа, крый!..

 

Нясі ў мяцеліцы, ў разводдзі,

Свайго цярпення нясі крыж.

Калі ж праглянеш ты, народзе,—

Арліным лётам узляціш?

 

Пасцель пуховую пасцелеш

Сваім замучаным дзяцям,

Нясмелых песняю асмеліш,

Якой сягоння бедзен сам?..

 

Як страшна збуджаным хадзіці

Між наспаў, зломаных крыжоў!

У мокры пень агонь красіці,

Склікаць аплучаных дружкоў...

 

Так цяжка, цяжка, дзе ні глянеш,—

Касою крыўды хоць касі!

Калі ж, народзе, ты устанеш

І сонцу голас падасі?

 

Падарожныя

(падыходзячы)

А вось і мы! Цяпер зноў сядзем...

 

Незнаёмы

Цяпер зноў сядзем... ну, і што ж?

Ага! гістор’ю нашу зладзім,—

Адточым востра ўсё, як нож;

А можа, трапім ёю ў грудзі,

У грудзі з дзерава людзей...

 

Падарожныя

Што ты? Ці ж мы такія людзі?

Жартуеш хіба, дабрадзей!

 

Незнаёмы

О, не, крый божа! Ось зняўцёку

Зляцела слоўца з языка...

Так штосьці ў сэрцы мне нялёгка,

Ну, і паднесла бедака...

 

Хто я і скуль — для вас цікава;

О, невялікі гэта цуд:

Радзіўся, рос, ляцеў за славай,

Ляцеў, ажно спыніўся тут.

 

Убачыў дзень я ў сельскай хаце;

Бацькі у беднасці жылі:

Канёк, кароўка — ўсё багацце,

Ды гоняў двойчы — ўсёй зямлі.

 

Чытаць, пісаць крыху наўчылі,

Але не выўчылі зусім;

Сам з часам кніжны лад асіліў —

І толк у ім даваў другім.

 

І мёд салодкі, і атруту

Суліць страніца стала мне;

Я думкі ёю ўсе апутаў:

Не знаў — наяве я ці ў сне.

 

Цямноты ўсю паняў няздарнасць,

Я сілу знання ўсю паняў;

Свайго жыцця я бачыў марнасць,

Аж на сябе я рукі ўзняў.

 

Але не суджана было мне

Душой без часу загавець,

І сам не знаю ўжо сягоння —

Жалець таго ці не жалець.

 

Ішлі гадочкі за гадамі.

Я ў сілу рос і ў розум рос,

Дый не расце пацеха з намі,

Як там ні жалімся на лёс.

 

Штораз зваднейшыя ўсё леты,

Штораз цяжэй на грош і хлеб.

Пайсці у свет — бацькі мне светам,

А хата мне — астрожны склеп.

 

Смяецца неба непагодай,

Шыбець скаціну нейкі звод,

Зямліца дзеліцца няўродай,

За годам выплаканы год.

 

Аж бацьку гора з ног зваліла,—

Пайшоў на той свет без пары;

У год капай зноў тры магілы:

Злёг брат і дзве зляглі сястры.

 

Пайшло няшчасце за няшчасцем;

Я кут пакінуць мусіў свой...

Дзе ступіш — смешкі ды напасці,

Хоць налажы ты галавой.

 

Пазнаў куткоў чужых сцюдзёнасць,

Нагайку службы я пазнаў,

Услед мая шла беспрытоннасць,

З ёй вецер песні напяваў.

 

А думкі рваліся да сонца,

Туды — да ціхіх добрых зор,

Да волі, шчаснасці бясконца

З пустынных ніў, з гаротных гор.

 

Ліў нейкі мне таемны голас

Праявы дзіўныя ў душу;

Іх чуў, як чуе сонца колас,

І думаў — зло сваё скрышу.

...................................................

Іду... Куды ісці сягоння?

Адной няма, а шмат дарог...

Адлогам родныя спяць гоні,

Іржа на вышках есць нарог.

 

На траме ўверчана анучай

Ляжыць няклёплена каса;

На сцежках мох расце калючы,

На ім — чырвоная раса.

 

Руцэ народнай набіваюць

Плугі чужыя мазалі,

Чужыя коні папасаюць

На абязволенай зямлі.

 

Йдуць песні, казкі ў дамавіну,

Якія дзед спяваў, складаў;

Свае жалейкі люд закінуў,—

Чужым свісцёлкам месца даў.

 

Узносіць пасынкам пакорным

Бяда цямнічныя муры,

І сеткі путае праворна,

І ладзіць здрадна хаўтуры.

 

Адно чуваць, як быццам штосьці,

З-пад сонных наспаў, з-за мяжы,

Дзе дрэмлюць прадзедавы косці,

Дзе час варочае крыжы,—

 

Штось варушыцца у бяссіллі,

Ці ж бы там быў жывых папас?..

Няўжо нябожчыкаў змянілі,

Няўжо нябожчык кожны з нас?..

.......................................................

Але ўжо блізка і світанне;

Пара ўзнімацца ўжо, пара!

Пакуль к нам з неба сонца гляне,

Жджэ не адна мяне гара.

 

І вам пара вазы ўжо ладзіць,

К дарозе коні рыхтаваць:

Раней лепш стануць у парадзе,

Чым на папасе пераспаць.

Цяпер каторы з вас пасудзіш

Мяне за злодзея свайго?

 

1-ы падарожны

 

Ты не тутэйшы, мусіць, будзеш

Або і горай ад яго?

 

2-і падарожны

 

Цікава, вельмі ўжо цікава

Ўся гэта гутарка твая,

Але такую меці славу

Не пахваліўся б, браце, я.

 

3-і падарожны

 

Так з кута ў кут век вандраваці,

Як мне здаецца — без патрэб...

Ці ж то не лепш сядзець у хаце

І у спакоі есці хлеб?

 

Незнаёмы

Э, што!.. Бывайце, людзі, жывы!

Дзе толькі торба і мой кій?..

Гэй, сыпма далей, там на нівы,

Хоць гром грымі, хоць віхар вый!

 

Яшчэ спаткаемся калісьці —

За год, за колькі мо гадкоў,

Як звянуць сёлетнія лісці,

Як прыйдзе Радаўніца зноў.

(Адыходзіць, напяваючы.)

 

Жыў на свеце Лявон

Молад, дужы быў ён...

 

1-ы падарожны

І дзіўны ж гэты чалавечак!

Чаго ён хоча ад другіх?

 

2-і падарожны

 

Ці ж мала ёсць такіх авечак?

Ат, толькі смех глядзець на іх!

 

3-і падарожны

 

А я скажу вам, ягамосці:

Сыходзіць з поля маладзец;

Злавіў там з кніжак штось чагосьці,

Ну, і вар’юецца ў канец.

Чуваць конскі топат.

 

1-ы падарожны

 

А гэта што зноў за праява:

Каго нячысцік нясе так?

 

2-і падарожны

 

Бадай, запутаная справа,—

Вун, вун — адзін, другі яздак.

 

3-і падарожны

 

Сюды на вогнішча к нам едуць,

А з імі — нейкі важны чын.

 

1-ы яздак

 

(шыбка пад'язджаючы)

 

Ці не маглі вы бачыць, ведаць —

Сюдой вандроўнік шоў адзін?

 

Падарожныя

Не, не, паночкі! мы не знаем,

Мы тут начуем толькі ўтрох,

І зараз самі ад’язджаем:

На рынак ладзімся, на торг.

 

2-і яздак

 

Паедзем далей, тут нічога

Нам не паказвае на след.

 

3-і яздак

 

(да падарожных)

А як вы бачылі б такога,—

Злавіць, звязаць — і на чым свет!

(Ад'язджаюць.)

 

1-ы падарожны

 

Чакайце толькі, покуль буду

Нагу яму я падстаўляць,

Каб чуць раней, а ўжо без труду

Маглі б гуртом бяднягу ўзяць.

 

2-і падарожны

 

А шкода, шкода было б хлопца!

Такі ж ён нейкі чараўнік...

 

3-і падарожны

 

Ні думаць! Як мы — рос у вёсцы,

Як мы — такі ён сам мужык.

 

1-ы падарожны

 

Зайдзі ка мне — я даў бы хлеба.

 

2-і падарожны

 

Апраткі б я не пажалеў.

 

3-і падарожны

 

Каб начаваць была патрэба,—

Папас найлепшы ў мяне б меў.

 

1-ы падарожны

Сапраўды, так гавора важна.

 

2-і падарожны

 

А ўжо ж ганяюць нездарма!

 

3-і падарожны

І песню так пяе працяжна!..

 

1-ы падарожны

 

Душу, здаецца, рве яна.

 

2-і падарожны

 

А ці ты помніш усю чыста?

 

1-ы падарожны

 

Пачатак помню я увесь.

 

2-і падарожны

 

А я — сяродак галасісты.

 

3-і падарожны

 

А мне канец у вушы ўлез.

(Разыходзяцца, напяваючы.)

Жыў на свеце Лявон,

Молад, дужы быў ён —

Толькі з воляй і доляй не бачыўся.

 


1908; 1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў: У 9 т. - Т. 7. Драм. паэмы і п'есы. - Мн., Маст. літ., 2001. - 399 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан