— Хадзеце, хадзеце, вясёлыя людзі!
А жыва да нас на таргоўлю:
Пакупка — гасцінчык вам кожнаму будзе
Чырвоненькі, хатняй гадоўлі!
Паціху... не бойцеся — пойдзе ўсё гладка,—
Крый божа, якога прымусу.
Маленькая рэч,— як матыль ці стрынатка...
Ўсёй куплі — душа беларуса...
Меў хату, меў поле; — прыйшлі і забралі...
Сам вінен: не ўмеў пільнаваці.
Ну, ўсякаму ж трэба як-небудзь жыць далей,—
Душу вось і можа прадаці...
Падходзь жа, паночку!.. знімі акуляры —
Лепш будзе агледзіць пакупку,
Ты, барынька, так жа падбліжся!.. мы нары
Дамо нават з ёю, галубкай...
Штось срэбнікаў з трыццаць — як піша ў законе
Узяў за Хрыста калісь Юда...
Аб гэткай цане ані снім мы сягоння:
Станела ўсё — душы і цуды.
Дасцё крыві з каплю, з гарошынку чэсці,
І — ваша душа ва ўсёй хвале...
Бо так — не купіўшы — не след на крыж весці,
Гатовы сказаць, што вы ўкралі...
1912