epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

На склоне лета

Пусцее поле, моўкне птушка,

Скідае жоўты лісць бяроза,

Нямее песня-весялушка,

Ліюцца з неба каплі-слёзы.

 

У полі глуха вецер свішча

І ў комін з шумам далятае.

Не то жыццё, не пажарышча,

Не то пагібельнасць якая!

 

А ў сэрцы, сэрцы неспакойным,

Жаль так і ўеўся з пусткай гэтай;

Снуюцца думы роем ройным.

О, як ты страшны мне, склон лета!

 

Была вясна, і ўсё на свеце

Жыло, цвіло — і вось не стала...

Няма вясны, заплач па леце;

Нуда ва ўсім запанавала.

 

Такая ж доля наша, людзі:

Жыві ды пекайся ўсёй сілай;

Праходзяць годы, чахнуць грудзі,

Бач, і дапекаўся магілы.

 

[1906-1912]


[1906-1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан