epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

На тэму крытыкі і самакрытыкі

У век наш крытыкі сур’ёзнай

І самакрытык агнявых

Мы падыходзім вельмі грозна

Не да сябе, а да другіх.

 

Пылінку бачым у суседа,

Ды што? — ў яго іх не адна!

А ў сваім воку, даўнім следам,

Не заўважаем бервяна.

 

Без лішніх захадаў, ухмылак

У канкурэнта на вынос

Мы столькі вылічым памылак,—

Таму хоць рэжся, як з пагроз.

 

Самабічуемся ж часамі,

Але злягка — гады ў рады,

Ды ўсё больш хвалім сябе самі,

Другіх бічуем заўсяды.

 

Куды ім лезці да Парнаса? —

Дзе тыцнеш — хіба ці захіл...

Ах, падпякаем смачна, ласа

Таго, хто нам чамусь не міл!

 

Вось я — пясняр, я — літаратар,

Я толькі песняй твару цуд,

А ён... агіткі агітатар,

Насценгазетчык, і ўсё тут...

 

Пазбыцца рапаўскіх заскокаў

Мы не наўчыліся як след

І часта судзім аднабока

Другіх, саміх, падзеі, свет.

 

*

А крытыкі?.. Майстры з разборам,—

Не ўзнімуць воч вышэй халяў;

З гразёй змяшае, што йшчэ ўчора

Так падхалімна выхваляў.

 

Не азірнуўся — ўлез у нерат,

Тандэтны разваліўся мост,

Глядзіць, мычыць,— ні ўзад ні ўперад,

Управа, ўлева круціць хвост.

 

Глядзіць. І што? За розум розум

Заскочыў туга, неўпапад.

Чаго ж не ўцяміць і цвярозым

Напіша — й сам смяецца, рад.

 

О, крытык, грызапёр мой бедны!

Чытач, яго ты пажалей:

Не месціць, брат, яго лоб медны

Ні прынцыпаў тых, ні ідэй.

 

Як баба на куццю, варожыць,

Аб кім, аб чым, што, як сказаць,

Каб сам сябе не растрывожыць

І ўгнаць другога ў рай ці ў гаць.

 

*

Мы дукі, гранды, інжынеры

Складаных чалавечых душ.

Якой жа мерым душы мерай,

Чаму ў пісанні ціш ды глуш?

 

Зірнеш. Брыдзе сабе фігура:

Мо ён чарняў, мо белабрыс...

Згадай, што гэта за натура? —

У снах аб почасцях закіс.

 

Нічога ж слаўнага не даўшы

Сваёй краіне, грамадзе —

У гонар лезе, грозна страша

Курэй на цётчынай градзе.

 

Мы інжынеры... А не ўмеем

Рамантаваць сваіх жа душ,—

Дзе цвік загонім, дзе падклеім,

І во іграй, музыка, туш!

 

Іграй мне славу! Пішу вершы,

Раманы, драмы і сцэнар.

А ці падумаў лепшы-першы,

Як прыме гэта гаспадар?

 

Той гаспадар, што сее зёрны,

Што косіць, жне, дае нам хлеб,

Што сталь гартуе ў кузні горнах,

Што раскаваў цямніцы склеп.

 

О так, мае вы — для паказу —

Празаікі і песняры!

Народ пакліча да адказу,—

Ваду жбан носіць да пары.

 

На службу вам зямля і неба

Даны,— адно пішы з душы.

Якога ж чорта йшчэ вам трэба?

Якой чакаеце імшы?!

 

Не спяць шляхі, жыццё не дрэме,

Шасціць над рэчкай ясакор.

Нам сонца кажа, хто мы, дзе мы,

Іскрыцца ў зорах кругазор.

 

Дні йдуць вялікай гадавіны,

А мы йшчэ з места ані руш,

Мы — інжынеры у галінах

Складаных чалавечых душ.

 

Ідуць па свеце гулы, шумы,—

Заснуць няма каму калі,—

Ідуць і твораць песні-думы,

Красу і радасць на зямлі.

 

Цвітуць пад нашым небам вёсны,

Спявае збуджаны разлог.

Жыццё шаўковыя тчэ кросны

Шчаслівай долі й перамог.

 

1937


1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан