epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

На вялікім свеце...

На вялікім свеце б’е жыццё крыніцай,

Барацьба за волю і за долю рдзее,

Маюць панаванне вера і надзея,

Асвяціць народы лепшы быт маніцца.

 

На вялікім свеце неба слёз не сее,

Ёрмаў не майструе крыўда-чараўніца,

Не галубіць думак цемра-асляпніца

І не водзіць душаў пагібення кнеяй.

 

На вялікім свеце б’юць званы на славу,

Людзі з плеч скідаюць ланцуговы скруты,

К сонцу йдуць браточна з рабскае пакуты.

 

На вялікім свеце ўсё ідзе па праву,

Па законе божым, з яснатой яскравай...

А у нас, у нас што?.. Толькі звоняць путы...

 

1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан