epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

На жалейцы

І
ІІ


І

З шумам бораў, ясакораў,

Ой, гаю, ой, гаю,

На жалейцы-дабрадзейцы

Думку дум зайграю.

Ой, зайграю, запытаю,

За што, за якое

Плачуць песні, як не трэсне

Сэрца маладое?

Ці у маці я дзіцяцей

Не быў, не хаваўся?

Ці замала уздыхала,

Як з ёю прашчаўся?

Ці ніколі не меў долі

У чужой хаціне,

Ці я ў полі не меў волі

Пры чужой скаціне?

Ці мо сілы, Божа мілы,

Калі не хапала,

Як з сахою ці з касою

Ваюю, бывала?..

Ці ж то гэта, там, праз леты,

Як умру з надзеяй,

Мае косці ў дзікай злосці

Вецер не развее?

Не развее, не рассее,

Каб і след не ўзняўся,

Што гаротны і маркотны

Па свеце бадзяўся?

Эх, жалейка-дабрадзейка,

За што, за якое

Плачуць песні, як не трэсне

Сэрца маладое?

 

ІІ

Я не пушчаю спяваю

Песні-казкі аб Дунаю,

Хоць-та сэрца з пушчай рвецца,—

А пад грушаю пахілай,

Што над бацькаўскай магілай,

Граю толькі на жалейцы.

Я не звон, што час нам ліча

І на веча праўду кліча,

Хоць-та сэрца звонам б’ецца,—

А па шчасці пахаваным,

Над ракою, пад туманам

Граю толькі на жалейцы.

Я не вецер вольны, спраўны,

Што пяе свабодай слаўнай,

Хоць-та сэрца к славе рвецца,—

А ў цянётах павучыных,

На расстайных пуцявінах

Граю толькі на жалейцы.

Не на гуслях звонкіх баю

Аб забраным недзе краю,

Хоць-та сэрца к гуслям рвецца,—

А на спасвеным узгорку,

Углядаючыся ў зорку,

Граю толькі на жалейцы.

Я не гром, што светы крыша

I людзям законы піша,

Хоць-та сэрца громам б’ецца,—

А паціху, чуць чуваці,

У чужой забыты хаце,

Граю толькі на жалейцы.

Граю, граю і чакаю

Ўсходу сонца з-за Дунаю,

Калі мора ўскалыхнецца,

Калі песню, гімн вясёлы

Нашым нівам, нашым сёлам

Я зайграю на жалейцы.

 

[1906-1911]


[1906-1911]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан