epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Над Іматрай

На поўначы сумнай, у Фіншчыне дзіўнай,

Ракой з вадаспадам заліўся пакат;

Вуоксаю рэчка завецца у фінаў,

Іматрай завуць вадаспад.

 

Клакочуць, рагочуць Іматрыны хвалі,

На цэлыя вёрсты шум-гоман стаіць,

Нем толечы каменны бераг, як з сталі,

І зараснік хвойны маўчыць.

 

Шалее Іматра між каменных глыбаў,

За хваляю хвалю імчыць к нізіне;

Як хмар недаступных махнатыя скібы,

Адна адну схопіць, піргне.

 

Адна з адной рынуцца ўглыб, як магілу,

Там скруцяцца, ўзнімуцца клубам, дугой,

Рассыплюцца пухам, рассеюцца пылам,

Зноў выскачаць к небу гарой.

 

Зірнуць, ззіхануцца, сыпнуцца на скалы,

Ўсім дантаўскім процьмам на здзіў,

І люнуць на волю, забыўшыся шалаў,

Плывуць паміж пустак і ніў.

 

Другія іх зменяць і пеняцца ў зломе,

Адвечністым шумам калышуць прастор;

Свабодай сваёю і роднай Суомі1

Сягнуць быццам хочуць да зор.

 

Стаіш і глядзіш на бунтоўныя воды,

І сэрца лялеецца ў сцішнай жальбе,

Ўсё слухаеш нема, як стогнуць нягодай

Ды як бы ўсё клічуць цябе:

 

«Хадзі к нам, бяспутнік, кінь долю на свеце,

Спачын векавечны дамо ў забыцці;

Нязведанай воляю будзем шумеці

І гутарку з сонцам вясці.

 

Хадзі ў нашы хвалі, спаўём твае грудзі

Вадзіцай сцюдзёнай, кіпучай, як вар;

Народ аб нас казку злажыць не забудзе,

І песню нам зложыць пясняр».

 

Так сумна на поўначы, ў Фіншчыне дзіўнай,

Ракой з вадаспадам заліўся пакат;

Вуоксаю рэчка завецца у фінаў,

Іматрай завуць вадаспад.

1910

1 Суомі — Фінляндыя.


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан