Спі, маленькі мой сыночак!
Вочкам не міргні;
Свеціць месяца кружочак,
Ты ж аб долі сні.
Спі і слухай песні гэтай,
Ды ўспомні калі;
Спі, пакуль не знаеш свету,
Люлі, люлі, спі!
Падрасцеш, дазнаеш гора,
Папіваеш слёз,
Твае сілы зломіць змора,
Спёка ды мароз.
І спаткаешся на свеце
З няпраўдай, з людзьмі.
Спі, сыночак! Месяц свеце,
Люлі, люлі, спі!
Падрасцеш — і мусіш ногі,
Як кожны мужык,
Укруціць ва ўбор убогі,
Ўбор з ліповых лык.
У ім помачы папросіш
Для сябе людской;
Спі, пакуль лапцей не носіш,
Люлі, родны мой!
Павяду цябе да пана,
Пастаўлю служыць.
Там ад вечара да рана
Будзеш ты рабіць.
За свіньмі ды за сахою
Будуць пхнуцца дні;
Спі, пакуль ты не слугою,
Люлі, люлі, спі!
Хлеба, грошы ты слугою
Мала будзеш мець,
Аплявухаў жа затое
Не будуць жалець.
Крывёй вочы заліюцца,
Ты ж працуй, цярпі!
Спі, пакуль не здзекуюцца,
Люлі, люлі, спі!
З часам пойдзеш у салдаты —
Слуга ўжо цару,
За трыццатую ад хаты
Загоняць гару.
На вайне ж, як забіяка,
Паліеш крыві;
Спі, пакуль ты не ваяка,
Люлі, люлі, спі!
Дамоў вернешся да бацькі,
Бацька бедзен сам,
Пойдзеш зноў на хлеб батрацкі
Служыці панам.
Штось не ўгодзіш, пан багаты
Гікне: вон ідзі!
Спі, пакуль не гоняць з хаты,
Люлі, люлі, спі!
Ты ж не рынешся ў канаву
З гора ды з бяды,—
Красці выўчышся на славу,
Пан будзеш тады...
Што? з напасці не прапасці...
Гулі, гулякі!
Спі, пакуль не ўмееш красці,
Люлі, люлі, спі!
У вялікія ты людзі
Выйдзеш з беднаты,—
Шаблю звесіш цераз грудзі,
Стражнік будзеш ты.
Будзеш катам ты над братам,
Без жалю ані!
Спі, пакуль яшчэ не катам,
Люлі, люлі, спі!
Будзеш пан вялікі з віду
І шэльма душой,
Спатыкаць цябе я выйду,
Ты махнеш рукой.
Чужаком будзеш ты ў хаце,
На роднай зямлі.
Спі, пакуль ты тут пры маці,
Люлі, люлі, спі!
26 чэрвеня 1906