epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Над магіламі

Спіце, загнаныя,

Ад сонца скрытыя,

Спіце, бяздольныя,

Горам забітыя!

 

Як вам зямелькаю

На вочы кінулі,

З людское памяці

Марна загінулі.

 

Над косцьмі вашымі,

Па-над курганамі

Слёзы узносяцца

Мглою, туманамі.

 

Крыжы яловыя

Набок скрывіліся,

Наспы пасмертныя

Вадой размыліся;

 

Два-тры з іх свецяцца

Кветкай жычліваю,

Рэшта скрываецца

Лазой, крапіваю.

 

Самі ж вы зданямі,

Бледнымі, сінімі,

Летам усходзіце

Па-над магіламі.

 

Начніцы чорныя

Ночкай злятаюцца,

І совы шэрыя

Пераклікаюцца.

 

Ваўкі збіраюцца

Парой зімоваю

І пяюць, выючы,

Песнь паграбовую...

 

Спіце, загнаныя,

Ад сонца скрытыя,

Спіце, бяздольныя,

Горам забітыя!..

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com