epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Над ніваю ў непагоду

1
2


1

Постаць нязжатая слотамі гноіцца,

Птушкай цярэбіцца, ветрам малоціцца.

Колас сагнуўся, змяшаўся з гразёй;

Зжатыя снопікі ў мэтлях валяюцца,

Віхрам зрываюцца, зерне зрастаецца...

Як жа ты, шнур наш, глядзіш сіратой!

 

Столькі і працы, і поту загнанымі

Уложана ў ніву скупую сялянамі,

Столькі пайшло уздыхання, мальбы!

Гляньце — усё нішчыцца злой непагодаю,

Неба не зжаліцца над зямлі ўродаю,

Неба не чуе ні скарг, ні кляцьбы.

 

Сэрца забытых крывёй абліваецца,

Доля няшчаснага ў полі бадзяецца,

Рады знікуль не відаць і не чуць;

Думы ўзнімаюцца, думы маркотныя:

Што бедакі, хлебаробы гаротныя

Холадам, голадам зімнім пачнуць?

 

Белай пялёнкаю снег разлягаецца,

З гікам мяцеліца дзіка ўздымаецца,

Ў сцены бязлітасна валіць мароз...

Дзе тут схаваціся, дзе прытуліціся?

Дзе на кусок хлеба ў сцюжу разжыціся?

Божа... а слёз тых, о, колькі тых слёз!..

 

 

2

І чаго ж, непагода слязлівая,

Непрасветна вісіш над зямлёй?

Што ўрадзіла нам ніва убогая,

І таго не сабраць за табой!

 

У пракосе, ў капе, дый няскошана

І стаіць, і гніе сенажаць;

І ў снапах, і нязжатым бадзяецца

Дабро ў полі, аж слёз не стрымаць.

 

І не хочаш ты гору мужычаму

Спагадаць, непагода, ані;

Не глядзіш, як ён будзе праводзіці

З дзецьмі, з жонкай зімовыя дні...

 

Што пачне ён, бядак, як рассцелецца

Белы свет на дварэ, на страсе?

Чым сямейку карміць яму прыйдзецца

І трасянкі з чаго натрасе?

 

Дзіцё плакаці будзе галоднае,

Будзе ў хлеве кароўка рыкаць,

Будзе сам ён стагнаць, а мяцеліца

Будзе выць, будзе ўсім падцінаць.

 

[1907-1909]


[1907-1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан