epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Наша гаспадарка

Спрадвеку мы ў родным краю гаспадарым,—

Свае загоны сеем, пасцім статак свой;

З надзеяй сустрачаем выраі вясной,

З надзеяй ўвосень іх праводзім над папарам.

 

Спрадвеку ходзім пад панамі і пад царам

На недруга й на бліжняга свайго вайной,

Хоць нам за нашу кроў падзякаю адной —

Крыжы і хаты нашы скошаны пажарам!

 

Так гаспадарым мы і дома і за домам,

Усё ждучы пацехі з севу і жніва,

Ждучы дарма, як летам жджэ расы трава.

 

Чужы і свой хлеб станавіцца жорсткім комам

І душыць кліч: ці доўга будзе нам заломам

Варшава панская і рабская Масква1.

 

1918

 

1 Упершыню верш быў апублікаваны ў газеце "Звон" за 1919 год. Аднак, ужо ў 1922 у зборніку "Спадчына" апошнія словы былі заменены цэнзурай на шматкроп'е. Пазней яго замянілі на "царская Масква". Шматкроп'е, дарэчы, ледзь не патрапіла ў БІНіМаўскую "Спадчыну" (1955), але ў апошні момант спахапіўся Аўген Калубовіч і прасіў В. Тумаша выправіць недарэчнасць. Ён жа слушна заўважыў, што, з увагі на тое, што верш датуецца 1918 годам, то зусім ніякай гаворкі не можа ісці пра "царскую" Маскву. Самадзяржаўе было на гэты момант скасавана. Калубовіч прапанаваў "чырвоная" або "хамская". І схіляўся да апошняга. У друк пайшла ўсё ж "царская". Яна ж і з невядомых прычын засталася і ў поўным зборы твораў Купалы, дзе верш друкаваўся паводле Збору твораў Т. 5 (1928). Пры тым, што ў архіве захаваліся ажно два чарнавікі верша. Аднак, як бачна, Масква ўсё ж "рабская".

https://www.facebook.com/groups/zapisybelarusaveda/permalink/600597807755667/


1918