epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Наша гаспадарка

Спрадвеку мы ў родным краю гаспадарым,—

Свае загоны сеем, пасцім статак свой;

З надзеяй сустрачаем выраі вясной,

З надзеяй ўвосень іх праводзім над папарам.

 

Спрадвеку ходзім пад панамі і пад царам

На недруга й на бліжняга свайго вайной,

Хоць нам за нашу кроў падзякаю адной —

Крыжы і хаты нашы скошаны пажарам!

 

Так гаспадарым мы і дома і за домам,

Усё ждучы пацехі з севу і жніва,

Ждучы дарма, як летам жджэ расы трава.

 

Чужы і свой хлеб станавіцца жорсткім комам

І душыць кліч: ці доўга будзе нам заломам

Варшава панская і царская Масква1.

 

1918

 

1 падаецца паводле выдання 1997 году, але гэтая фраза - вынік цэнзуры. У Купалы - "рабская Масква". https://www.facebook.com/groups/zapisybelarusaveda/permalink/600597807755667/


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан