epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Наша моладзь

Мілая моладзь, слаўная моладзь

Нашай бязмежнай краіны!

Горы і мора можаш ты здолець,

Сэрцам расплавіць ільдзіны.

 

Знала паходы ў цёмныя ночы,

Гіканне хеўры варожай,

Смерці глядзела ночамі ў вочы,

Ястраб начлегі трывожыў.

 

З гонарам выйшла, з яснаю славай,

Сёння грыміш перамогай,

Перад табою ў зорных праявах

Сцелецца к сонцу дарога.

 

Вёсны прыходзяць, вёсны адходзяць,

Моладзь красуе заўсёды,

Слаўная вечна ў вечным народзе,

Славу будуе з народам.

 

Весела квеціцца ў небе вясёлка,

Скрозь хмары-воблакі свеціць...

«Я — камсамолец! Я — камсамолка!»

Хто лепей скажа на свеце?!

 

1938


1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан