epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Наша песня

Зазвіні ты, як звон, і удар, як пярун,

Песня наша, як воля, магучая!

Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,

Хай нясуцца ў свет рэхі грымучыя!

 

Хоць нуды ў табе шмат вылівана слязьмі,

Дума-песня не хітра складаная,

Але нашая ты: недруг, спробуй, вазьмі!..

Ты не можаш быць, песня, скаванаю.

 

Як на небе зара ці як думка ў душы,

Не скуешся няволі ты путамі:

Ты, як той салавей, зазвініш і ў глушы,—

Запяешся людзьмі і закутымі.

 

Пей жа, песня, дзень, ноч, песня, родная нам,

Апявай жыццё наша праклятае,

І зайграй ты па сэрцу хоць раз бедакам,

Наўчы, як знайсці шчасце багатае.

 

Зазвіні ты, як звон, і удар, як пярун,

Песня наша, як воля, магучая!

Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,

Хай нясуцца ў свет рэхі грымучыя!..

 

[1907-1912]


[1907-1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан