epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Нашаму дэпутату

І песні, і музыка, й людзі гамоняць

Ад фабрык да фабрык, ад хат і да хат.

Народ беларускі шчаслівы сягоння —

Клімент Варашылаў яго дэпутат!

 

Народ усім сэрцам, як роднага брата,

Шануе і любіць яго па-над свет.

І сэрца аддасць за свайго дэпутата,

Пасла-дэлегата ў Вярхоўны Савет.

 

У нашым Савецкім Саюзе не мала

Хто нам пазайздросціць, вось так, з дабраты,

Дык ведайце: маршал даўно ўжо і стала

Любіў Беларусь нашу й любіць, браты!

 

Калі ён, бывала, да нас на манеўры

Прыедзе агледзець капцы, рубяжы,—

О, колькі той радасці, колькі той веры,

Што вораг не пройдзе ўжо нашай мяжы!

 

Паважна старыя вітаюць наркома,

Падносяць хлеб-соль, караваі і мёд.

І кветкі-вяночкі дзяўчаты, вядома,

Падносяць яму на шчаслівы прыход.

 

Наш слесар луганскі, Нарком абароны,

Засядзе ў Вярхоўным Савеце ад нас.

Краса нашай Арміі слаўнай Чырвонай,

Мы пойдзем з табою ў паходы не раз!

 

Бо час як надыдзе і гром бітвы ўдара,

І трубы затрубяць, паклічуць у бой

Супроць банд фашысцкіх, пагромаў, пажараў

Народ беларускі паўстане з табой.

 

І песні, і музыка, й людзі гамоняць

Ад фабрык да фабрык, ад хат і да хат.

Народ беларускі шчаслівы сягоння:

Клімент Варашылаў яго дэпутат!

 

А сонейка будзе усходзіць, заходзіць,

Плысці будуць рэчкі, шумець будзе бор.

Жыць будзе ў свабодным шчаслівым народзе

Імя палкаводца ад зорак да зор.

 

1937




Беларуская Палічка: http://knihi.com