epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Нашто?

Нашто губляць парывы чыстыя

Таемных дум сваіх, сваёй душы

Для тых, што стопчуць іх бязлітасна

Ці высмакчуць з цябе іх, як вужы?

 

Нашто трывожыць сэрца беднае,

Жаданнем ласк, сардэчнага цяпла? —

Ўсё роўна збэсцяць тваё сэрцайка,

Святое вырвуць з яго ўсё датла.

 

Нашто, як жабраку, вымаліваць

Ўсё тое, што ты заслужыў жыццём?..

Знай, доля к тым не прысуседзіцца,

Хто жабранінай гоніць дзень за днём.

 

Ідзі праз свет з вачмі адкрытымі,

Ў грудзях гадуй, як сталь, і моц, і гарт,

Глядзі ўвакруг свабодным сокалам

І крэпка знай, чаго ты ў свеце варт!

 

Не паніжай сам духа вольнага

І ў паніжэнне іншым не давай;

Над рабскаю таўпой аслепленай,

Над злом зямлі увысь, да зор сягай!

 

1915


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com