epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Навагоднія жаданні

Як ідзе Новы Год, на ўсім свеце народ

Да жычэння сабе штосьці мае;

Дык і ты, як усе, спаткай году прыход,

Беларусаў сямейка худая.

 

Кожны год, што мінаў, штосьці нам не дадаў,

Аж сабраўся так доўг немаленькі.

Хай жа Новы наш Год, што прыйшоў, завітаў,

Зверне ўсё нам, як ёсць, да капейкі!

 

Хай не будзе круцель, дасць нам просценькі цэль

К лепшай долі, і волі, і славе;

Мы не зналі жыцця, ні вясёлых нядзель,—

Хай Год Новы ўсё гэта паправе!

 

Сваркі, звадкі не раз былі згубай для нас,

Разлучалі са шчасцем, з свабодай...

Хай жа з Новым Гадком новы бліжыцца час,

Брацтва, роўнасць, супольнасць і згода!

 

Во жычэнні усе, Новы Год, да цябе;

Іх не вельмі і многа, здаецца.

Так і песня пяе, так, людцы вы мае,

Знаю, ў думках усім вам снуецца!

 

1908


1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан