epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Нябожчык

Надаела чалавеку

Жыці, пажываці;

Пекаў сваё гора, лекаў,

Дый трэба ўміраці.

 

Хоць хацеў бы, можа, трошка

Жыць, павесяліцца,—

Смерць благая кладзе ў ложка,

Кажа не будзіцца.

 

І памёр. Цяпер шчаслівы,

Не баіцца ліха...

Эй, глядзіце: дзівы, дзівы!

Спіць спакойна, ціха...

 

Але везць гной трэба з хаты,

Каб чэрві не елі;

Скідай, браце, свае шаты!

Вады ўжо нагрэлі...

 

Змылі троху вочы, спіну,—

Што болей наразе?!

Палажылі ў дамавіну,

Як пана, як князя.

 

З дамавінай на калёсы

Нясуць, як святога;

Разявякаў, салапякаў

Сабралася многа.

 

Кожны стогне, уздыхае,

Галосе, заводзе,—

Нібы плача, сэрца мае...

Годзе лгаці, годзе!

 

Ну, кабыла, ну, худая,

Паволі цягніся!

Ты, істота нежывая,

Ляжы, не зваліся!

 

Вот і цэрква, поп з крапілам

Чакае на ўзятку,

Пакурыў труну кадзілам,

Дзяк запеў ў астатку.

 

І на могілкі панеслі

Труну, як павалу;

Ой, ой, каб жа не растрэслі!

Нясіце памалу!

 

Званы гучна загудзелі

Галасістай песняй;

Ой, сколькі б вы там ні пелі,

Нябожчык не ўскрэсне!

 

Ну, грабару, капай яму

Локцяў тры без мала;

Пахаваем тут мы краму,

Што труд прадавала.

 

Ужо выкапаў? — ну, ладна!

Труп спускаць пачалі,

І спусцілі так парадна,

Зямлёй закапалі;

 

Насып вылажылі дзёрнам,

Крыж на ім — з каменняў.

Вот і меней непакорным,

Адным меней, меней.

 

Праплывае многа летак,

Няма чалавека...

І пляцецца у нас гэтак

Ад веку да веку.

 

Як смерць возьме, усё гіне:

Нядоля, няволя,—

Спакой толькі ў дамавіне,

Ў дамавіне доля!

 

18 сакавіка 1906




Беларуская Палічка: http://knihi.com