epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Няма грошы

Кожны гэта пэўна скеміў,

Што не ўсё ў нас так, як трэба,

А не лжэ і біты ў цемя,

Што і сходзіць не ўсё з неба.

Ёсць на ўсё прыпеў харошы:

«Трэба грошы — няма грошы!»

 

*

Шнур у Сцёпкі штось вузіцца...

Дзеці... Крута з хлебам, з соллю;

Б’ецца, рвецца, не ляніцца;

Эх! каб так, ды ніўкі болей!

А адсюль прыпеў харошы:

«Трэба грошы — няма грошы!»

 

*

Дзеці выраслі ў Сцяпана;

Чуў, ёсць школы, ёсць навука.

Добра ўзяць прымер ад пана...

Ці ж то ўчыцца вельмі штука?

А тут зноў прыпеў харошы:

«Трэба грошы — няма грошы!»

 

*

Жэніць сына, хрысце ўнука,—

Пойдзе з просьбай к пану, к «чыну»...

После працы, после мукаў

Адпачыў бы сам часіну...

А зусюль прыпеў харошы:

«Трэба грошы — няма грошы!»

 

*

Жонка штось не выйдзе з хаткі:

Злегла, крэкча і... ўмірае;

Цісне стараста падаткі;

Фэльчар, поп,— бяда такая!

Аж тут на, прыпеў харошы:

«Трэба грошы — і ёсць грошы!»

[1922]


[1922]

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан