На свеце на белым жыў Янка адзін,
Быў добры сусед ён і добры быў сын,
Любілі яго ўсе, на куце сядзеў,
Ніхто лепшай ласкі, як Янка, не меў.
І праўда — з яго быў нішто чалавек.
І, пэўне, так зжыў бы ён цэлы свой век.
Дзе жыў гэты Янка, там двор блізка быў,
Туды схадзіць часам наш Янка любіў,
Але — не на працу, а так сабе,— знаць,
Пабыць з панічамі, жыццё іх пазнаць.
І добра пазнаў ён іх гэта жыццё,
Бо стала нямілым яму сваё ўсё.
А толькі, як Янка ні корчыўся ўвесь,
Ніяк цераз панскі парог не пралез;
Ні хорт і ні выжал цяперака стаў,
Ад вёскі адбіўся, ў палац не папаў.
У вёсцы ўсім страшны, глядзіць, нібы пан,
У двор жа як прыйдзе — такі самы хам.
Нарэшце дакучыла Янку жыць так.
Нырнуў сюды-туды, папаў нейкі знак,—
Прадаўся (так чуў) ў нейкі чорны саюз
І гэй жа ўсіх вабіць у гэты хаўрус!
Што станецца далей з героем маім,
Я вам раскажу другім разам аб тым.
1908