epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Не дайце згінуць...

Не дайце згінуць песняру

Ў нязнанні, ў беднасці, ў глушы,

Стварыце радасці зару,

Зганіце сум з яго душы,—

Не дайце згінуць песняру.

Ён так цярпіць за крыўды ўсе,

Ён пеці выйшаў у пару,

Вам толькі слухаць, што пяе,

Не дайце згінуць песняру.

Аб вашай долі ў свету даль

Скіруе струн сваіх ігру,

Вы ж толькі за ўсе песні, жаль,

Не дайце згінуць песняру.

 

1907


1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан