epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Не тужы

Эй, дзяцюк малады, не тужы,

Не глядзі ты скрозь слёзы на свет,—

Ідзі ў двор і там пану служы,

Як служыў і твой бацька, і дзед.

 

Там працуй і гаруй, маладых

Сваіх сіл на чужых не жалей,

Мазалёў не жалей ты сваіх,

Як крыві не жалеюць тваей.

 

На багатых папекайся век,

Век сваёй цемнаты знось глушу,

І забудзься, што ты чалавек,

І забудзься, што маеш душу.

 

Хай палац за твае за труды

Гучнай музыкаю загрыміць,

Хай сагнуцца сталы ад яды,

Песня п’янае ўцехі хрыпіць.

 

Хай твой пот, якім росіш зямлю,

З сытых твараў пальецца цурком,

Хай за горкую долю тваю

Вінаградным уп’юцца віном.

 

Дык, дзяцюк малады, не тужы,

Не глядзі так скрозь слёзы на свет,—

Ідзі ў двор і там пану служы,

Як служыў і твой бацька, і дзед!

 

16 кастрычніка 1906


16.10.1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан