epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Нікому

I
II
III
IV
V
VII
VIII
ІХ
Х
ХІ
XII
XIII
XIV


 

 

I

Скончыўся дзень працы,

Сонейка зайшло,

Вечарок асенні

Сходзіць на сяло.

 

Станавяцца ў хатах

Дзяды па кутох,

Час агонь паліці,

Ночкі цень залёг.

 

Пук лучынак ёмкі,

Дзяўчынка, нясі,

Пры святле іх будзем

Гутарку вясці.

 

Раскажу вам тутка

Здарэнне адно,—

За часоў прыгону

Здарылась яно.

 

Слухаць толькі ўважна,

Не перабіваць.

Сціхлі. Ладна! Толькі

З чаго б тут пачаць?

 

 

II

Гэй, думка ўдалая,

Ты мяне нясі

Па роднай старонцы —

Па Белай Русі!

 

Нясі ў час мінулы,

Як горасна тут

Год таму з паўсотні

Жыў наш бедны люд.

 

Смерць ішла не ў часе,

Дый не к аднаму,

Жаліцца ў няшчасці

Не было каму.

 

На бяду і гора,

На слёзы і жаль

Паншчына спраўляла

Свой прадсмертны баль.

 

Хоць мінуў даўно ўжо

Час той — ліхадзей,

Але не мінула

Памяць у людзей.

 

 

III

Сярод гор пясчаных

Ды панскіх лясоў

Расселася вёска

З якіх хат са сто.

 

Жыве ў гэтай вёсцы

Душ якіх з пяцьсот,—

Працуе на пана

Ўвесь гэты народ.

 

Пан што хоча робіць.

Грозен яго кнут,

Лье пот, кроў і слёзы

Зацяганы люд.

 

За віну малую

Розгамі сякуць,

За праступак большы

Ў рэкруты здадуць.

 

Бацька робіць «дзела»,

Ў салдатах сынок,

Бярэ за каханак

Пан жонак, дачок.

 

 

IV

Вось у гэтай вёсцы,

У сям’і аднэй,

Вырасла дзяўчына,

А ўсіх прыгажэй!

 

Звалася Аленай

Дзяўчынка-душа,

Ну ... і пакахала

Шчыра Тамаша.

 

І Тамаш Алену,

Ой, не ад таго;

Сказаць пра іх любасць

Можна шмат чаго.

 

Любіліся шчыра

Пара галубкоў,

Дый не мелі шчасця

Для сваіх галоў.

 

Бор над іх бы доляй

Плакаў і шумеў...

Аленку-красуню

Пан на воку меў.

 

V

Раз, пекна прыбраўшысь,

Быццам на кірмаш,

Пайшлі ў двор да пана

Алена й Тамаш.

 

Прыйшлі. Пан к ім выйшаў,

А яны да ног:

«Пазволь пажаніцца

Нам, ясны панок!»

 

«Жаніцеся! — што ж там...—

Кажа пан з двара.—

Калі ж будзе шлюб ваш?» —

«Панок, на Пятра».

 

Як прыйшлі, йдуць нашы

Дамоў жаніхі.

Весела варкочуць...

Пан добры такі.

 

І няўцям ім, бедным,

Што за імі ўслед

Ліха злое пхнецца

І натворыць бед.

 

Грыміць палац белы —

Ў пана йдзе банкет,

Гуляе магнацтва

Гулка, на чым свет.

 

Сталы паўнютэнькі

Яды дарагой,

Дарагія віны

Ліюцца ракой.

 

Без сораму жарты

У п’яных пайшлі,

Аж іх жонкі, дочкі

Са стыду ўцяклі.

 

І гэтага толькі

Хацеў зброд п’яны.

— Дзевак сюды! Дзевак!

Крыкнулі паны.

 

Гаспадар гасцінны

Ўгадзіць рад гасцям.—

Тут Алену ўспомніў,

К якой лас быў сам.

 

VII

А Тамаш з Аленай —

Муж і жонка ўжо —

І ад шлюбу едуць

Роднаю мяжой.

 

Дамоў едуць хутка,

Ён штось шэпча ей,

Яна вочкі спусціць,

Стане ружавей.

 

Але не пашэнціць,

Мабыць, маладым:

Кепскія варожбы

Пападаюць ім.

 

Перабег дарогу

Заяц разы два,

Груган закружыўся,

Гукнула сава.

 

З трывогай друг к дружцы

Маладыя льнуць...

Каб хаця ім, бедным,

Злых прыгод мінуць!

 

VIII

Вечар. Ціха ў вёсцы,

Раптам грук такі!

Гоман. Коней ржанне,

Бразгаюць званкі.

 

Ўехала дружына —

Той цвяроз, той п’ян,—

Сходзяць маладыя

На белы дыван.

 

Выслана да хаты

Сцежка палатном,

Ідуць маладыя

За ручку ўдваём.

 

Бацька з маткай века

Ад дзяжы дзяржыць,

А на ім — гарэлка

І хлеб-соль ляжыць.

 

Музыка марш грае,

Аж трасецца пол.

Пад векам дружына

Йдзе ў хату за стол.

 

 

ІХ

 

Малады на куце

Ўсеўся з маладой,

Побач — асістэнты

Падрад чарадой.

 

П’юць, ядуць, гамоняць,

Смутку ані-ні,

Скрыпачка заводзіць,

Кліча да гульні.

 

Мілая пацеха

Ў вочах маладых

Свеціцца, як сонца,

Аж б’е жар ад іх.

 

Раптам — дзіва! з дзесяць

Панскіх гайдукоў

Улятае ў хату,

Як дзікіх звяроў.

 

«Дзе,— крычаць,— Алена?

Маладая дзе?

Да сябе на гулі

Пан яе заве!»

 

 

Х

Знямела дружына,

Знямеў малады,

Трэба ж, не ставала

Гэтакай бяды.

 

Зналі, на якія

Гулі клікаў пан,

Што ўчыніць з Аленай

Распусны тыран.

 

Здрыгнуў Тамаш страшна,

Пабялеў, як труп,

Слупам вочы сталі,

І сам стаў, як слуп,

 

На тое ж Аленку

Ўзяў жонкай цяпер,

Каб над ёй глуміўся

Распасвены звер?!

 

І схапіў няшчасны

Точаны тапор,

Ажна ўсіх затрэсла

Жудасць, як віхор.

 

ХІ

«Гэй, вы, служкі пана!

Крыкне так Тамаш.—

Подлыя вы самі,

Падлейшы пан ваш!

 

Гэй, скажыце, шэльмы,

Кату свайму там:

Не дам яму жонкі,

На ганьбу не дам.

 

Хоць згнію ў астрозе

Ці ў віры на дне,—

Няхай жа не будзе

Ні пану, ні мне!»

 

І сякерай гахнуў,

Як вокам міргнуць,

Па абух ўпілася

Ў Аленіну грудзь.

 

Рухнула Алена

На дол без жыцця,

Крывёй цёплай, свежай

Залітая ўся.

 

XII

Так сышло вяселле

Нашай маладой,—

Засыпалі грудзі

Зямелькай сырой.

 

Над яе магілкай

Праз доўгія дні

Вырас клён і ліпа

Роўнай вышыні.

 

Зімой клён і ліпку

Засцілае снег,

А мароз знаходзіць

Там сабе начлег.

 

Летам клён і ліпку

Зелень адзяе,

Сонца й вецер гулі

Заводзяць свае.

 

Людзі й тут па-свойму

Нейкі знак знайшлі:

Людскія назовы

Дзераўцам далі.

 

XIII

Ад гэтай прыгоды

Шмат гадоў прайшло,

Няпамяці зеллем

Шмат што зарасло.

 

Засталіся толькі

Ў думках з году ў год

Крыўды, што ў час гэты

Выцерпеў народ.

 

З дзедаў на унукаў,

З бацькоў на дзяцей

Ланцугом пляцецца,

Што было даўней.

 

І гэта здарэнне,

Спісанае вам,

Расказаў мне так жа

Стары дзед Адам.

 

Вам яшчэ цікава,

Як век дажылі

Той Тамаш і пан той

На гэтай зямлі.

 

XIV

Тамаша ў кайданы

Закулі ў той час

І ў Сібір саслалі;

Там ён, бедны, згас.

 

Доўга цягаў тачку

Пад звон ланцугоў

І памёр далёка

Ад родных куткоў.

 

Пан жа, от, вядома,

Як і кожны пан,

Панаваў час нейкі,

Цёнгле сыт і п’ян.

 

Пасля ўсё ж са злосці

Павесіўся ён,

Як на зямлі нашай

Мінуўся прыгон.

 

Палац стаіць пусткай,

Жыць няма ў ім як,—

Здані ў ім здаюцца,

Быццам помсты знак.

 

1906


1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў: У 9 т. - Т. 6. Паэмы, пераклады. - Мн.: Маст. літ., 1999. -430 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан