Лягла туманом
Ночка на дварэ,
Зваяванай сном
Зямлі гоман мрэ.
Пусткаю аднэй
Поле, сенажаць,—
Не відаць людзей,
Песень не чуваць...
Пад ляском начлег
Распаліў агонь;
Заяц перабег,
Путам бразнуў конь.
Чуй! трывожыць сны,
Хвілі забыцця,
Совы, кажаны
Лезуць з укрыцця.
Недалёкі бор
Абярнуўся ў шум;
Цёмен, глух прастор,
Жудак, повен дум;
Повен ценяў, мар...
Штось трасе душой,—
Нейкі страх і чар
Ноч нясе з сабой.
[1906-1910]