epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Ну, таварышы, ў паход!

Ну, таварышы, ў паход

Выступайце жвава,

За працоўны за народ!

Не чакае справа...

 

Нашы рукі ў мазалях,

Ногі, як са сталі,

За рабочых і сялян

Біцца не прысталі.

 

Верна стрэльбы служаць нам,

Метк<а> ў цэль страляем,

І ў падаркі мы ўрагам,

Кулі пасылаем.

 

Кропіць густа кулямёт,

Ворага не шкода;

Знай, чырвоным ваяком

Няма загародак.

 

Ярка зорка зіхаціць,

Шлях нам асвятляе

І за вольнай працы сцяг

Біцца заклікае.

 

Зорка, ты гары ясней,

Нам святлей з табою;

Гукнем, хлопцы, весялей:

Будзь гатоў да бою!

 

Хоць змагання трудны шлях,

Нам не страшна гэта,

Мы ў Чырвоныя ўвесь свет

Прыбяром Саветы.

 

[1920-1925]


[1920-1925]

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан