Будзь ты дуж, як вада,
Як жалеза, цвярды,—
Калі ж нойдзе нуда,
Ты не зможаш нуды!
Як благая напасць,
Атуманіць сабой
І спакою не дасць,
Аж заныеш душой,
Аж заплачаш душой,
Жаль ахопе такі!
І не прыйдзе спакой
Да магільнай даскі.
На свет будзеш глядзець
Ашалелым ваўком;
Песні ўздумаеш пець,—
Адазвешся выццём.
Стане пеклам жыццё,
Людзі — горш ад звярэй;
Думаць будзеш усё,
Як памерці скарэй.
Эй, дзянькі каратаць
Трудна з ёю, бяда!—
Не дасць ночкаю спаць
Усё гэта нуда!
Змуча, хоць ты вазьмі
І не пі, і не еш;
Вочы зойдуць слязьмі,
І свой лёс праклянеш.
Адно шчасце людзей,
Толькі змога тады,—
Калі працай сваей
Зваляць камень нуды;
Калі мысль адна іх
У жыцці павядзе:
Працаваць за траіх,
Каб не дацца нудзе.
10 сакавіка 1906