epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Ой, чаму на хаты гэтыя?..

Ой, чаму на хаты гэтыя

Сышла восень з халадамі,

Калі людцы несагрэтыя

Трасуцца пад лахманамі?!

 

Ой, нашто, нашто няшчаснага

Парадзіла мяне маці,

Калі долі, шчасця яснага

Не магла з жыццём мне даці?!

 

Цяжка з віхрам жыцця біціся,

Горш, як з бурай хвойцы ў полі,

Дый цяжэй жыцця пазбыціся,

А яшчэ цяжэй — нядолі!

 

26 ліпеня 1906


26.07.1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан