epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Пахаванне

Пахаваў я сярод злому

Ў пушчы песню аб шчасці —

Так глыбока, скуль нікому

І ніколі не ўкрасці.

 

А каб хто аб гэтай справе

Не сказаў дрэнным сказам,—

Хаўтуры-памінкі справіў

З пушчай, з ночкаю разам.

 

Быў і вецер на магіле

На абрадку бядачым,

І русалкі не забылі —

Шчырым плакалі плачам.

 

А цяпер адно паставіць

Толькі памятку важну,

Каб нябожчыцу праславіць,

Каб праславіць, як княжну.

 

Хай прыходзіць ка мне тая

Чараўніца-дзяўчына,

Праз якую так спраўляў я

Гэты сховы-ўспаміны,

 

І з грудзей маіх гарачых

Няхай выдзярэ сэрца,

Ды на трох нажах стаячых

Хай нясе і смяецца.

 

Як паложыць на магіле,

Дзе аб шчасці спіць песня,

Само сэрца ў той жа хвілі

Загарыцца, ускрэсне.

 

І гарэці вечна будзе

На тым схове-пасадзе,

І дадуцца дзіву людзі,

Як кахаў я папраўдзе!

1915


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан