epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Падарожны

Цягнецца, пляцецца

Падарожны ў даль,—

Няма дзе падзецца,

Душу муча жаль.

 

Ношка за плячыма,

Кіёк у руках,

Сінцы пад вачыма,

Млявасць у нагах.

 

Чакае з трывогай

Ночкі, летніх бур;

Сцелецца дарога,

Як вясковы шнур.

 

Па баках бярозкі —

Прысады стаяць,

Далей — поле, вёскі

Родныя відаць.

 

Там — плех сенажаткі,

Пасевы, папар;

Там, як бабкі, хаткі

Селі ў доўгі шар;

 

Там снуе араты

З крывуляй-сахой;

Там смычок зубаты

Скача над раллёй;

 

Там ходзіць скацінка,

Авечка бляе,

Там градкі дзяўчынка

Поле ды пяе.

 

Бача падарожны,

Бача гэта ўсё,

Думкаю трывожнай

Маркоціць жыццё.

 

Гэй вы, хаткі, поле!

Вы, людцы мае!

Гэй ты, доля, доля,

Дзе ласкі твае?

 

Мільёны загонаў

Зямелькі ляжыць,

Хацінак мільёны

На зямлі стаіць.

 

Чаму ж мне, калецы,

Лета ці зіма,

Чаму ж мне падзецца

Няма дзе, няма?

 

Цягнецца, пляцецца

Падарожны ў даль;

Сэрца плача, рвецца,

Душу муча жаль.

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан