epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Паэзія

Праўду з няпраўдай,

Цноту з гарэзіяй

Вымешай спрытам,—

Будзе паэзія.

 

Лета, ноч, месяц,

Клёнік, чарэсня,

Хлопец, дзяўчына,—

Вось вам і песня.

 

Шэпты, прысяга,

Вечная згода,

Вечная любасць,—

Вось вам і ода.

 

Пуня, дзяўчына,

Сена-прынада,

Хлопец пад пуняй,—

Вось серэнада.

 

Пуня падперта...

Голас: сусед я!

Бацька з дубінай,—

Вось вам камед’я.

 

Зімка. Знік хлопец,

Дзеўка ўжо «мамай»,

Слёзы... Палонка,—

Вось вам і драма.

 

Свет, людзі-шэльмы

Крадуць, лгуць шчыра,

Чэсны паэта,—

Вось вам сатыра.

 

Двор, хорам панскі;

Рада-парада,—

Добрасць, пачцівасць,—

Вось вам балада.

 

Свінні, падпасвіч,

Лапаць, парцянка,

Непагадзь, золка,—

Вось і сялянка.

 

Добры пан, пані;

Корміць іх ласка

Бедных, галодных,—

Вось вам і казка.

 

Пан, хам і поле,

Праца, нястатак...

Тры аплявухі,—

Вось і канчатак.

 

1906


1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан