Аб горы, няволі народа,
Аб тым, што народ мой ускрэсне,
Была мая ў цяжкіх нягодах
Скаваная, сумная песня.
Народныя думы і казкі
Давалі мне сілы нямала,
А моладасць прагнула ласкі,
А моладасць ласкі не знала.
А песня з народам упобач
Ішла і хісталася ў полі,
Гаротнасць была яе здобыч,—
Спявала ў праклятай няволі.
І крыўда крывава смактала
Мне долю маю маладую.
Мінула пракляццяў навала,
Год дваццаць у шчасці жыву я.
І сёння не тое, іначай,—
Не знаюць стамлёнасці думы,
Душа не сумуе, не плача,—
Пявучыя вокала шумы.
Гамоняць зялёныя сосны,
Шумяць у прысадах бярозы.
Жыву я ў квяцістыя вёсны,
Знікуль не пужаюць пагрозы.
Сягоння з народам шчаслівым
Я святкую свята ўрачыста.
Багаты ўраджаямі нівы,
Буяюць, пяюць каласіста.
У песнях павыраслі крыллі,
Лунаюць пад неба, край свету;
Хоць продкі заснулі ў магіле,
Красуюць патомкі за гэта.
Паклон мой народу за песні,
Што даў, навучыў, як складаюць,—
Спяваў іх калісь у прадвесні,
Сягоння вясну апяваюць...
Паклон мой народу ад сэрца,
Што сілу даваў да змагання,
Хай далей жа сэрца ў даль рвецца
Да сталінскіх зораў світання.
1941