epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Паляўнічы і пара галубкоў

Легенда з індыйскай кнігі Магабгарата

I
ІІ
III
IV
V
VI
VII


«Кнігі Магабгараты — гэта адна з найстарэйшых і найвялікшых паэм свету. Створаны яны індыянамі болей трох тысяч год таму назад і змяшчаюць у сабе каля 220 000 радкоў. У Магабгараце, апрача навучальных і духоўна-маральных філасофскіх твораў, шмат ёсць і прыгожых, паэтычных вобразаў. З іх найпрыгажэйшы — «Наль і Дамаянці» — вельмі добра перакладзены на польскую мову А. Лянге. Легенда ж аб паляўнічым і галубках не ёсць даслоўны пераклад з індыйскай мовы; я ўзяў толькі аснову гэтай аповесці і болей-меней захаваў форму санскрыцкага верша — «шлёкі», якой усе кнігі Магабгараты напісаны». Я. К.

 

Прысвячаю прафесару

Б. Эпімах-Шыпілу

 

Ў Магабгараце, кнізе Інд,

Якой лет тысячы тры лічым,

Такая повесць там стаіць

Аб галубках і паляўнічым.

 

 

I

Быў чалавек, якога ўсім

Было заняццем — паляванне;

У лесе, ў полі дзень і ноч,

Як быццам ляжа там і ўстане.

 

За птушкай птушку ловіць ён

Са хцівасцю благой у змове —

На рынак цягне прадаваць,—

Прадасць і зноў ідзе і лове.

 

Пануе ў пушчы, бы ў якім

Сваім за хатай агародзе,

Ў сям’і крылатай пуд і страх

Сілом і клеткаю наводзе.

 

Паміж бацькоў, паміж дзяцей

Птушыных сее ён разлуку,

Ні ласкі к ім, ні жалю к ім

Не меў, не знаўся з іхняй мукай.

 

З сумленнем дружбы не вядзе —

Да крыўд і мук яму зло сватам;

Закон багоў яму ні ў што;

З душы і сэрца вечным катам.

 

І доўга так палюе ён,

Знімае так ахвяры ў клеткі,

Ажно прыпадак немалы

Спаткаў яго ў пустыні гэткі.

 

ІІ

 

Дня аднаго ў кустах блудзіў

І лёгкага выглядваў хлеба,—

Пагоду ясную і дзень

На ноч змяніла бурай неба.

 

За хмарай хмару валакло,

А грозна, чорна, безустанку;

Пярун ляцеў за перуном,

Штоміг — маланка за маланкай.

 

Ліло, як з рэшата, дажджом,

Раўняла нізкі дол з узгорам,

І лес, і поле абняло,

Як пеклам, як шалёным морам.

 

Заціхла птушка, звер заныў;

Лес-хата — ўжо не быў ім хатай...

За грэх караў зямлю, ці што,

Так грозны Сатакрата1.

 

А паляўнічы, хоць і мок,

Не пакідаў сваёй работы:

Галубку ўбачыў пад кустом —

За крылле ўзяў злавіў з ахвотай.

 

Здабыча лёгкая была:

Галубка, выбіўшыся з сілы,

Хоць і хацела — не магла

Ляцець, чакаў яе дзе мілы.

 

 

1 Сатакрата — індыйскі Бог.

III

Тым часам сціхла бура ўжо,

Але і вечар быў на свеце;

На небе месяц абышоў,

І зоркі сталі ў небе йрдзеці.

 

Што тут рабіць? дамоў ісці? —

Ісці і цёмна, і далёка;

У лесе цёмным начаваць? —

І небяспечна, і нялёгка:

 

Усюды свеціцца вада,

Вада зліваецца з галінаў;

Нічым нідзе дастаць агню,

А тут яшчэ і рык звярыны...

 

І голад такжа не маўчыць:

Пара даўно чаго паесці...

Нічога. Рады ўжо няма.

Прыйшлося ў лесе ноч правесці.

 

Пад дрэва буйнае ідзе,

Шукае ў ім сабе апоры;

У знак пакоры — галаву

Схіліў і так яму гавора:

 

«О, дрэва, будзь прыстаннем мне:

У сваёй з багамі мей апецы».

Сказаў і лёг на камень там,

Пры ім галубка тут жа ў клетцы.

 

 

IV

А гэта дзерава было

Сялібай, хатай галубковай;

Сядзіць прамоклы на ім ён

І так бядуе слова ў слова:

 

«Куды загінула мая

Галубка, вечная падружка?

Такая страшная пара!

Як выйдзе жывенькаю птушка?

 

Мо вецер збіў яе куды,

Ці дождж пасек няшчаснай крыллі,

Ці вораг бедную злавіў,

Ці перуны насмерць спалілі?

 

Што мне з жыцця, калі яго

Не будзе ўжо з кім каратаці?

Жыццё і свет тады — не свет,

І сам не свой у сваёй хаце.

 

Палац з брыльянтаў; сотні слуг

Хай за цябе паложаць грудзі,—

Без ласкі — з слугамі палац

Астрогам, пусткай вечнай будзе.

 

З падружкай мілаю і лес —

Як найбагатшы стане хорам...

Няма яе—няма жыцця,

Усё — адной няўцехай, горам».

 

 

V

Галубка чуе галубка,

І сэрца радасцю ёй б’ецца,—

Што гэтак помніць ён аб ёй,

Такому жалю аддаецца.

 

Але нядоўга шчасце ёй

Усмехам думкі калыхала:

Галодны тут жа госць ляжаў,

А гэта значыла нямала.

 

«Не думай, мілы, аба мне,—

Так галубку галубка кажа,—

Уперад волю споўнь багоў:

Яны пры ўсім стаяць на стражы...

 

Гасця ты маеш у сябе,

Замёрз і есці пэўна хоча,—

Заняцца шчыра мусіш ім,

Каб не пракляў цябе і ночы».

 

Пачуў, стаў весел галубок,

Ад радасці аж як не плача.

Спяшыць гасцю служыць, пытаць,

Якую той цярпіць нястачу.

 

«Я змёрз»,— гавора той яму.

Галуб рад памагчы ў прыгодзе

(Бо й дрэва ў цень хавае свой

Таго, хто нават сеч прыходзе).

 

 

VI

Галлё сухое і лісткі

Збірае, колькі сілы мае,

Кудысьці злётаў па агонь,

Развёў і госця йзноў пытае.

 

А паляўнічы да яго:

«Дай есць, галодны я сягоння».

Тут бедны галубок схмурнеў:

Не знае, дзе яду спагоне.

 

То ж ён па-птушаму жыве,

Жыве тым, што пашле здарэнне;

Няма запасу ў галубка,

А госць не можа знаць цярпення.

 

Падумаў трохі галубок

І штосьці выдумаў такое...

«Спакоен,— кажа,— госцік, будзь.

І голад твой я заспакою».

 

Сказаўшы гэта, над агнём

Ён тройчы звольна акруціўся

І, як маланка, як страла,

У агонь, як ёсць, жыўцом зваліўся...

 

Ўстрос паляўнічым страх і жаль;

Дае зарок не жыць так болей:

Спаліў прылады ўсе свае,

Галубку выпусціў на волю.

 

 

VII

Дый воля ўжо ёй не ў карысць,

Сядзіць і сумненька бядуе:

«І лес, і сонца, і прастор

Мяне не цешаць маладую.

 

Дружок ужо на свеце тым;

З кім варкаваць, як даўней, буду?

Нядолю-долю з кім дзяліць?..

Жыццё ўжо мне няспыннай жудай.

 

Пайду за ім, пайду к яму.

Прымі мяне к сабе, мой любы!»

І з гэтым словам, як і ён,

Звалілася ў агонь-загубу.

 

Яшчэ больш паляўнічым тут

Затрэсла скруха-неціхота:

Лавіці птушкі у сіло

Навек адпала ўжо ахвота.

 

Пакуце здаўся за грахі:

Уздзеў пакутны ўбор жабрачы...

Ракой ідзе — не п’е вады,

У лесе птушкі — як не бача.

 

Аж так дабрыў, дзе лес палаў...

Ўляцеў і следу не заставіў...

Па смерці ўбачыў галубкоў

Паміж святых на небе ў славе.

 

Ўсю гэту повесць знаем мы

Аб галубках і паляўнічым

З Магабгараты, кнігі Інд,

Якой лет тысячы тры лічым.

 

1910


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан