epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Паліліся мае слёзы

Паліліся мае слёзы

На жывыя вербалозы,

На сухія ачароты,

На глухоты, на сляпоты.

 

Паліліся мае слёзы

На спякоты, на марозы,

На глухія непагоды,

Маладыя мае годы.

 

Паліліся мае слёзы

На заломы, на дзярмёзы,

На надломленыя грудзі,

На ўсё, што было, ёсць, будзе.

 

Паліліся мае слёзы

На напасці, на пагрозы:

З цяжкай думкай — пакарыся!

Паліліся, паліліся.

 

Паліліся мае слёзы

На гасцінцы, перавозы,

На крывавыя паляны,

На забытыя курганы.

 

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан