epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Папросту

Простым мы словам з светам гаворым,

Песні аб цяжкай творым нягодзе,

З думкамі рвёмся к сонцу і зорам,

Рвёмся к свабодзе.

 

Простая нашых прадзедаў слава,

Хоць апаганена мудрым чужынцам;

Шлі, ідзём далей ўлева ці ўправа —

Простым гасцінцам.

 

Свет там выдумкі хітрыя знае —

Троны, кароны, вісельні, кулі,—

Выдумаць гэта мы ў сваім краі

Неяк мінулі.

 

Летась нягодна, сёлета горай

Проста жылося, проста жывецца,

Красці ж не пойдзем, хоць у каморы

Кожны к нам прэцца.

 

Нас гадавалі віхры і ночкі,

Крыўдай паілі нас ад пялёнкі —

Толькі ж папросту мы не йшлі ўпрочкі

З роднай старонкі.

 

Хочам папросту, каб лепш ручыла

Нашым хацінам, нашым прыплодам,

Каб стаць раўнёю славай і сілай

Іншым народам.

 

Проста жывём мы, як доля лучыць,

І крывадушыць не прабавалі...

Просім папросту: кіньце нас мучыць,

Ляхі, маскалі!

1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан