epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Пашкадуй мужыка!

Пашкадуй мужыка-бедака,

Ты, што вечна адзеты і сыт,

Пашкадуй — не адсохне рука,

Бо яму свет да шчасця закрыт.

 

Як асенняя ноч, як туман,

Цёмны сам, цёмна ў хатцы крывой;

На плячах абарваны лахман,

Ногі ўкручаны цвёрдай лазой.

 

Холад, голад, хваробы цярпіць

Ён за кроў і за працу сваю.

Прыйдзе ў хату — ў парозе стаіць,

За сталом яго месца — з краю.

 

І ласкавых ён слоўцаў нідзе

Не пачуе, не кінуць яму;

Не ўспаможа ніхто у бядзе,

Не дасць хлеба і дроў на зіму.

 

Пашкадуй жа ты, брат, мужыка,

Каб было яму жыць весялей!

Пашкадуй — не адсохне рука,

Пашкадуй, не чакай, а хутчэй!

 

Пашкадуй, бо з яго цемнаты

Кожны рад карыстаць заўсяды;

Пашкадуй ты яго, сіраты,—

Бо на свет многа прыйдзе бяды.

 

Бо за крыўду сваю адамсціць,

Свінням будзе крыві не пабраць! —

Адамсціць, аж зямля задрыжыць,

Аж віхры зашумяць, загудзяць.

 

[Да 7(20) красавіка 1906]

[1906]


[1906]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан