epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Паўстаў народ

Паўстаў народ мой беларускі гераічны,

Дзяды, унукі, ўнучкі — усе паўсталі

На вечавы кліч, кліч бадзёры і вялічны,

Які нам кінуў правадыр наш родны Сталін.

 

І гітлераўскім бандам, фашыстоўскім крывапійцам

Нядоўга катаваць народ ні ў чым не вінны,—

Ён перарэжа горла людаеду, ўбіўцу,

Ён Гітлера павесіць на сухой асіне.

 

Паўстаў народ, як і ў мінулых ён стагоддзях,

За волю, за зямлю, супроць сатрапаў азвярэлых.

Шчаслівых перамог, свабодны мой народзе!

Шчаслівай долі на загонах тваіх родных, спелых!

 

Хай хлеба нашага кусок распаленым жалезам

Абернецца у ворагавым горле крывасмочым,

Вада з крыніц жывых хай зверам-людарэзам

Атрутай будзе і сляпіць крывавыя іх вочы.

 

Знай, на чале народ вялікі рускі ў зброі

Ідзе на ворага з мільёнамі народаў,

Таварыш Сталін знача шлях да перамог у боі,

Да перамогі над фашысцкай збэшчанай пародай.

 

Паўстаў народ, як і ў мінулых ён стагоддзях,

За волю, за зямлю, супроць сатрапаў азвярэлых,

Шчаслівых перамог, свабодны мой народзе!

Шчаслівай долі на загонах тваіх родных, спелых!

 

[1941]


[1941]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан