epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Пчолы

Мой сад калодамі абведзен мёдных пчол,

Што гаманяць, як неўгамонныя музыкі;

Іх з лета ў лета звоняць звончастыя зыкі

І далятаюць да блізкіх і дальніх сёл.

 

Я дбаю аб вуллёх,— куру, свянчу наўкол,

Запасу ўвосень мёду кідаю вялікі,

Сляджу зімою, каб чарвяк не ўбіўся дзікі,

Вясною шчыра падчышчаю верх і дол.

 

Але як дойдзе час выходзіць рою ў свет,

Ён не садзіцца, дзе назначу я пасадку,

А коціцца, чужы дзе зацвітае цвет.

 

Або як мёд пайду я падглядаць у кадку,

І тут бяда — не ўсё ў парадку і даглядку:

Як рой, і мёд падгледзеў ўжо сваяк-сусед.

 

1918




Беларуская Палічка: http://knihi.com