Рушыўся снег, зашумела вада,
Раскаваліся рэкі ад лёду,
Хлынула вон зімавая нуда,
Сонца ўносе цяпло і пагоду;
Шумныя песні іграюць лясы,
Павявае вятрок цеплаваты,
Белая ніва ад снежнай расы
Ўбіраецца ў чорныя латы.
Трушанкай зморана ў цёмных хлявах,
Адзываецца рыкам скацінка;
Конікі ў стайнях іржуць пры жлабах;
Бацян праляцеў над адрынкай.
Будзіцца после зімовага сну
Па хацінках людок працавіты,
Скорынька цягне саху, барану,
Глядзіць, ці шыны на колах узбіты.
Высыпе гэты на поле народ
І сеяць будзе свянцонае збожжа...
Добры ўраджай, спорны ўмалот
Працавітым людзям пашлі, Божа!
[1905-1907]