epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Перад вісельняй

Прыблуды з-пад Нявы крывавай,

Калі ж апомніцесь, калі?

За што стапталі маю славу,

За што на вісельню ўзвялі?

 

Я ў вёсцы жыў,— вы там душылі,

Я быў там нем, я быў там слеп;

Жыццё ўвялі, як у магіле,—

Дзе ў вёсцы свет, дзе ў вёсцы хлеб?

 

І я пайшоў, пайшоў за хлебам...

Бяда, бразг путаў — дзе ні кінь;

Не раз начлег пад голым небам

Я меў ў пустыні сам адзін.

 

Так брыў... Дзе ж звалі небараку,

Апошняй сілы дабываў;

І вашых я страчаў служакаў,

Дзе толькі быў, дзе гараваў.

 

Жыву... Усё горай — чым жыў далей,

Пракляў прыгон паганы свой...

Штохвіля крыкі даляталі —

За волю клікалі на бой.

 

То падымаўся люд скаваны,

Дзе быў кат-цар і капітал,

Няволі рваліся кайданы,

За трупам клаўся трупаў вал.

 

Раз мне ўсе ходы зачынілі,

Усе ходы к зноснаму жыццю,—

Я напралом прайшоў ў бяссіллі

За праўду пастаяць сваю.

 

А вы, ўпыры, вы, крывапіўцы,

Мяне, сарваўшы з родных ніў,

Судзіць пасмелі, як убіўцу,

Хоць я ваякам толькі быў?!

 

Каб мітры, скіпетры, тыяры —

Што ўжо крывёй зліваў і дзед —

Удзержыць,— вы ўзвялі на нары

Унука, што йшоў за прасвет.

 

Ну, што ж,— пацешцесь, душагубы.

Я ўжо не выйду з вашых рук,—

Вы давялі мяне да згубы,

Вы і збаўляеце ад мук.

 

Але не стану біць паклонаў,

За сваю гібель не змаўчу;

Знаць не хачу вашых законаў,

Знаць вашых суддзяў не хачу!

 

Вы ў ланцугі ўсё закавалі:

І суд, і праўду, і закон!

Расправу правам вы назвалі,

А ласкай — пахавальны звон.

 

Вы задушылі дух народны,

Да слёз мільёны давялі,

Збылі з жыцця вам непрыгодных,

Зглушылі кліч — «волі, зямлі».

 

Вы братняй кроўю ап’янелі,

Усіх звяроў сталі падлей,—

Вы разнікоў прайшлі на дзеле —

У разніцы гоніце людзей.

 

Завёўшы тысячы народу

Ў палёх маньчжурскіх палажыць,—

Вы на ваякаў за свабоду

Мячы патрапілі тачыць.

 

Пусціўшы з торбамі на мукі

Сірот, і матак, і ўдавіц,

Вы загасілі свет навукі,—

Давай вам катаргаў, цямніц!

 

Айчыну ўбраўшы ў пажарышчы,

Сынам прыпомніўшы ясыр,—

Спраўляйце з груганамі йгрышчы

На косцях братніх на ўвесь мір!

 

Яшчэ прыбавіце скананне —

Прадсмертны вашых рук абраз,—

Нядоўга ж ваша панаванне —

Загуба прыйдзе і на вас!

 

Загубу крыўдаю, слязамі

Ў магільны выкапалі ніз;

Людской расплаты ўжо над вамі

Тапор адточаны завіс.

 

...Дзе ж кат?.. Гэй, шэльма, вешай лоўка!..

Не меў я волі, ні вугла...

Намыль з канца ў канец вяроўку,

Каб лепей шыю абняла!

 

Ў паветры ногі затрасуцца,

Байца не стане аднаго,

Дый хоць званы й не адгукнуцца,

Не пахаваеце ўсяго!

 

Не ўмруць ніколі грозны клікі

На сонца захад і на ўсход:

Тут спіць ваяк, ваяк вялікі

За волю, долю і народ!

 

1908


1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан