epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Першыя песні

Першыя песні — першыя чуткі

Шчасце зазнаці хаценкі нясмелай,

Першыя думкі вольнай мінуткі

Птушкамі вымкнуць на свет гэты белы.

 

Што іх чакае, што іх спаткае,

Чым блаславяць маладога музыку:

Ці прыгалубіць ласка людская,

Ці заплююць яго смехам, прытыкай?

 

Грошы за песню рэдка хто плаце,

Часта акінуць нямілым паглёдам;

Песня паэту ўсё тут багацце,—

Цешыцца, плача у песні з народам.

 

Што людзі скажуць, што зробяць з песняй

Бог з іхнім судам, насмешкай, пахвалай!

Зганяць — дык будзе трохі балесне,

Выхваляць — шчасце хоць раз бы спаткала.

 

Вечна рвучыся думкай да сонца,

Кепска нікому не думаў ніколі,

А калі й кінуў лішняе слоўца,—

Гэта знак толькі жыцця у нядолі.

 

Смерць пяўца возьме мо і сягоння,

Чорнай зямелькай накрыюць павекі,

Песня жыць будзе, ў магіле не ўтоне,

Блага ці добра — жыць будзе навекі!

 

1906


1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан