epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Песні вайны

І. Варожбы
ІІ. Перад бурай
ІІІ. Склік
IV. Разлука
V. Засталіся нівы, сёлы
VI. Пабоішча


Вазьмі, маці, пяску жменю,

Пасей, маці, на каменю.

Як прыжджэшся з пяску ўсходу,

Тады верне сын з паходу.

З народнай песні

 

 

І. Варожбы

На ўзбярэжжы, над ракою

Шэпчуць вербы з асакою:

— Што то будзе, што то будзе?

Штось трывожны свет і людзі!

 

Па зямлі пайшлі пажары —

Неба дымяць дыму хмары,

Там і тутака агнішча,

Над агнішчам вецер свішча.

 

Па сялібах — пошасць хваляй...

Гэты хвор, таго схавалі,

Тому чэшуць дамавіну...

Жыці, мерці няма ўпыну.

 

А па небе ў гэта лета

Ходзіць ходырам камета,—

Хвост яе — не дай Ты Божа...

На дабро нам не варожа.

 

Далей вокал — як магіла...

Сонца круг свой зацямніла,

Ночай глянула ў дзень белы

На жыццё ўсё, на свет цэлы.

 

І груган аднекуль выплыў,

Штосьці гыркнуў дзюбай хрыпла,

Як заклён праклённы кінуў,

Дый дзесь згінуў ці не згінуў.

 

За варожбамі варожбы,

Як нячысцікавы божбы,

Ад варотаў да варотаў

Ходзяць, стукаюць ля плоту.

 

Засяюць трывогі, страхі

На ўсе сцежкі, на ўсе шляхі,

Дзе начніцы косым вокам

Пазіраюць ненарокам.

 

Ой, нездарма над ракою

Шэпчуць вербы з асакою:

— Што то будзе, што то будзе?

Штось трывожны свет і людзі!

 

 

ІІ. Перад бурай

Грамадзяцца цёмны хмары,

Грозяць свету страшнай карай,

Не супыняць ужо бітваў

Ні ўздыханні, ні малітвы.

 

Сталі ўсюды ўсімі трэсці

Неспакойства поўны весці,

Што, забыўшы людзі ўвагі,

Пад крывавы пойдуць сцягі.

 

Меч уздыме брат на брата,

Стане брату брат горш ката...

Зуб — за зуб, за вока — вока...

Як і сказана ў прарокаў.

 

Ўсё свой к гэтаму шлях знача,

Што так будзе — не іначай,

Бо шукаць ўжо праўды нечым,

Толькі порахам ды мечам.

 

Бо ёсць сіла і на сілу,

Што магілай за магілу

Водкуп дасць, як след, з паклонам

Ды прымкне крыжом свянцоным.

 

Бо ёсць воля і на волю,

Што сваю з тэй возьме долю,

Не загубіць, не ўваскрэсіць,—

За ланцуг — ланцуг павесіць.

 

Так ўсё горшы ад граніцаў

Ад далёкіх слух імчыцца;

Штораз болей — менш надзеі,

Што віхор гразу развее.

 

Чуткі йдуць, плывуць журбою,

Родны краю, над табою;

Ты ж не гніся ў завіруху:

Вокам бач і вухам слухай.

 

Хто за славу выйдзе з славай —

Тых не зломіць бой крывавы;

Хто за праўду праўдай стане —

Тых сустрэне змілаванне.

 

ІІІ. Склік

Напрарачыў, наваражыў

Бяды сабе квол чалавек,—

Крывавых бур не збыў, не зжыў,

Заломаў не прарваў, не ссек.

 

Ад самагубнасцей дзікіх,

Ад трупам значаных дарог

Не пастрымалі сэрц людскіх

Ні права іхняе, ні Бог.

 

Ударыў гром, завыў пажар,

Склікаюць трубы на паход;

Йдзе край на край, на цара — цар,

Народ падняўся на народ.

 

Скрозь свету йдзе аружны склік

Паставіць сілу проці сіл;

Жадае свет, як свет вялік,

Даўно варожаных магіл.

 

Устань, хто жыў, устань, хто дуж,

Нясці аружжа, ў бітвы йсці!

Кінь матку сын, кінь жонку муж

І хату кінь у забыцці!

 

Устань, устань тачыць штыхі,

Знамёны шоўкавы свянціць!

Яшчэ жыве закон такі —

За смерці — смерцямі плаціць.

 

Адважна ў бой рыхтуйся, брат,

Баяцца нечага крыві,—

Твой продак выліў яе шмат,

Ты памяць продкаў аджыві!

 

Каня буланага сядлай,

У стрэльбу крэпка ўбі набой

І, блаславіўшы бацькаў край,

Едзь па загаду ў грозны бой!

 

Як дасягнеш чужацкіх гонь,

Патопчаш ворагаву рунь,—

Ты Матку-Бацькаўшчыну ўспомнь

І ўбок кінь вокам сваіх пунь.

 

А чалавечае на цэль

Жыццё узяўшы на прасцяг,

У грудзі свенчаныя стрэль,

Адно не цэль ў крыж на грудзях!

 

Адважна ў бой!.. Вайна вайну

Спладзіла — хай жа бітва йдзе

За шчасця лепшага вясну,

За волю вольнай грамадзе!

 

Аб долі роднай стараны

Нам сведчыць не адзін курган,

Дзе дрэмлюць слаўныя сыны;

А страж дзяржыць ноч ды туман.

 

IV. Разлука

Вецер завыў па сялібах,—

Звоніць дый звоніць па шыбах;

Лыска на прызбе якоча;

Ў хаце ўдзень сумна, як ночай.

 

Над сталом бацька журбуе,

Галаву звесіў сівую,

Маці у кубле штось шнырыць,

Жонка дзіцё ціхамірыць.

 

Янка збіраецца ўпрочкі...

Ой, не на радасць дні, ночкі

Сына старая пясціла,

Каб рос у розум і сілу!

 

Ой, не на помач ў бядноце

Даў стары склад у рабоце,

Дый не на ўцехі вялікі

Згралі вяселле музыкі.

 

Цераз палеткі, палоскі

Склік дакаціўся да вёскі,—

Кліча на збор «запаснога»,

Бо на ўсім свеце трывога.

 

Новыя лапці, аборы,

Новыя шаты-уборы

Стаў на сябе напінаці,

Кланяцца родным у хаце.

 

Кланяўся нізка татулю,

А яшчэ ніжай матулі,

Прашчаўся з жонкай, з дзіцяткам,

Слёзы ўціраючы ўкрадкам.

 

Ціха, маркотна ў святліцы,

Кожны азвацца баіцца,

Як бы над імі ў спакою...

Смерць калыхала касою...

 

А як ён з хаты выходзіў:

«На, хай бароне ў прыгодзе!» —

Гэтак матуля сказала

Ды штось на шыю ўвязала.

 

Матчына гэта ахвяра —

З нашых прыдбана папараў:

З роднай вузельчык кудзелькі,

Ў ім — жменька роднай зямелькі.

 

І выйшаў з хаты ваяка,

Не уздыхнуў, не заплакаў,

Выйшаў, заціснуўшы зубы,

На тыя бітвы, на згубы.

 

Вецер адно не ўнімаўся,

Як бы варожбай займаўся:

Верне дамоў Янка болей

Ці ўжо не верне ніколі.

 

 

V. Засталіся нівы, сёлы

Выйшлі роднай вёскі дзеці

Паміраць на белым свеце,

Рассяваць па свеце косці

Праз кагосьці, за кагосьці.

 

Засталіся нівы, сёлы

На той сум-жаль невясёлы,

Засталіся, ой, сіроты,

З горкім горам, з адзінотай.

 

Не палыне сошка ў полі

З добрай долі, з добрай волі;

Не пачуюць кос пакосы,—

Ржа паесць сталёвы косы.

 

Ночкай, вечарам, зарання

Маці-ўдоўка выйдзе, гляне,

Выйдзе, гляне — стане досіць...

Просіць Бога... не дапросіць:

 

«На каго ж Ты нас пакінуў?

Чаму ж лепей дамавіну

За калыску, за ліпову,

Ты не даў нам дзеля хову?

 

Для каго ж Твае законы

Развялі на ўсе староны,

Што брат братам ад прадвеку

Чалавек для чалавека?

 

Як авечак, як ягнятаў,

І ў хаце, і за хатай

Ты мальбу людскую любіш,

Нашто ж Бацькаўшчыну губіш!»

 

Так лунае ўдзень і ўночы

Той за жалем жаль сірочы

І мальба да ласкі боскай

Каля вёскі і над вёскай.

 

А за вёскай, дзе магілы,

Дзе ляглі, заснулі сілы,

Пахіліўся крыж да крыжа —

Гэты вышай, гэты ніжай.

 

На крыжах сава якотам

Гаманіць адказ сіротам

Ды пытаннем страшным страша:

«Га! дзе ж Бацькаўшчына ваша?»

 

 

VI. Пабоішча

Ноч не спаўшы, дзень не еўшы,

Прымадзеўшы, прыкалеўшы,

Меціць куляй, прэцца з штыхам,

Косіць шабляй, мчыцца ліхам;

Вокам, сэрцам не дрыгне...

Смерць яму або смерць мне!

 

Стрэлы свішчуць, дыміць порах,

Збіўся ў кучу свой і вораг,

Юшка брызгае у вочы,

Гэты стогне, той рагоча,

Той зваліўся, топча той,—

Не глядзіць — свой ці не свой.

 

Ад крыві зямля чырвона,

Неба чорная заслона

Засланіла, як магіла,

А пад ёю сілу сіла,

Ўсполку з смерцяй, смерцяй тне,—

Верх таго, хто не засне.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Гу-га-га! як бой удаўся!

Вораг дрогнуў, вораг здаўся,

Не прамог, злажыў аружжа;

Як быў дужы — стаў нядужы:

Той уцёк, той у палон

Здаў сябе, як у прыгон.

 

І вось жніва, што за жніва!

Бокам, сторчам, проста, крыва —

Труп ля трупа, як калоды...

Што за сон, што за выгоды!

Не на смехі, не на жарт,

Ката — брат, кат брата варт!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Ціха дрэмле поле бітвы,

Шэпча блізкі лес малітвы;

Выбрыў воўк з сваёй бярлогі,

Выць пачаў на ўсе разлогі.

Выць пачаў ў хаўтурны тон,

Зубы скалячы на плён.

 

А разняўшы кіпці-клешчы,

Ў высі ўсплыў груган злавешчы

І закракаў, як бы ведаў:

— Кра-кра, кра-кра! то ж пабеда!..

Кра-кра-кра! рыхтуй набой,—

Па пабедзе — зноў у бой!..

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан