epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Песня сонцу

Вольным гоманам хвоек высокіх,

Туманамі санлівых нізін,

Казкай векаў блізкіх і далёкіх

Клічам, сонца, цябе як адзін!

 

Распусці залацістыя косы,

Схаладзелы загон ацяплі,

Аквяці лугавыя пакосы,

Ўсходы новыя сей на зямлі.

 

З непатульнай, пакорнай зямліцай

Заручыся, шлюб вечны вазьмі,

Разлівайся люстранай крыніцай

Між даламі, гарамі, людзьмі...

 

Рассыпайся па сёлах, па нівах

Брыльянцістай ажыўчай расой;

У вясёлках купайся цвятлівых,

Ласкай сэрца, душу супакой...

 

Як у свята купальскае, сонца,

Свой жывы абнаўляеш паглёд,

Аднаві славу нашай старонцы,

Аднаві яе сумны народ!

 

Хай нам явары вечныя думы,

Думы-байкі шасцяць, шалясцяць,

І нясуцца хай гэтыя шумы,

Па бел-свету ляцяць, хай ляцяць

 

Дык глянь з хорамаў вольных, высокіх

Да крывіцкіх туманных нізін...

Казкай векаў блізкіх і далёкіх

Клічам, сонца, цябе як адзін!

1910


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан