epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Песня трактарысткі

Трактар, мілы трактар,

«Сталінец» мой слаўны,

Пахавалі гора

Мы з табой нядаўна.

 

Пахавалі гора,

Гора ды няволю,

Як пайшлі з табою

Па шырокім полю.

 

Сонца нам смяецца,

Нібы строіць жарты,

Месячык святляны

Служыць нам за варту.

 

А вецер гуляе,

Абівае росы,

Косы расплятае,

Мае русы косы.

 

Трактар, мілы трактар,

«Сталінец» мой слаўны,

Пахавалі гора

Мы з табой нядаўна.

 

Мы ідзём з табою

Ў новы свет і людзі,

Новы шлях цярэбяць

Твае, мае грудзі.

 

Зложым з табой казкі,

Песні з табой зложым,

Радасці і шчасця

Краіне прымножым.

 

З табою аб’едзем

Навакола света,

Людзі нас сустрэнуць

З вясёлым прыветам.

 

Песняй прывітаюць

Каля кожнай хаты,

Кветкамі абсыпяць

Нас з табой дзяўчаты.

 

Трактар, мілы трактар,

«Сталінец» мой слаўны,

Пахавалі гора

Мы з табой нядаўна.

 

Я цябе пакіну

На вольную волю,—

Даляцець да сонца

Мяне кліча доля.

 

Паляту я, трактар,

«Сталінец» мой слаўны,

Дзе воблакі ходзяць,

Плаваюць дзе плаўна.

 

Даляту да зорак,

Вольная дзяўчына,

Стуль табе, мой мілы,

Адну зорку скіну.

 

І пашлю ад сонца

Табе прывітанне

Аб маім вялікім

Да цябе каханні.

 

Трактар, мілы трактар,

«Сталінец» мой слаўны,

Пахавалі гора

Мы з табой нядаўна.

 

З табою паедзе

Стаханавец новы,

Гэткі ўдалы, стройны,

Стройны, светлабровы.

 

З ім ты будзеш скарбы

Здабываць з зямелькі,

А ён будзе рады,

Як той рыцар нейкі.

 

Аба мне ён будзе

Думкі думаць міла,

Што з табой сядзела,

Сны дзявочы сніла.

 

Трактар, мілы трактар,

«Сталінец» мой слаўны,

Пахавалі гора

Мы з табой нядаўна.

 

1936


1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан