Дарэмна свістамі нагаек
Застрашыць хочуць тыраны,
Нагнаўшы чорных соцень шаек,
Акулі рукі ў кайданы,—
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!
Не страшны мне Сібір, астрогі,
Меч катні над шыяй маей,
Хоць і скуюць мне рукі й ногі,
Хоць зрэнкі выдзеруць з вачэй,—
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!
Нам есці хочацца тым болей,
Чым горай голад прыгняце,
Тым рвёмся больш мы і да волі,
Чым меней к нам яе ідзе.
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!
Дарэмна гіканне нясецца
Дэспотаў подлых над зямлёй,
Што воля ў путы акуецца,
Згняцецца сілаю, пятлёй.
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!
Ці ж людзі сонца згасіць могуць,
Згасіць, як свечку, яснасць дня?
І волі ж дэспаты не змогуць,
Бо воля сонейку раўня.
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!
[1905-1907]