epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Песня жней

Пагнуўшы ў крук худыя спіны,

Сярпом махаючы крывым,

Мы, жонкі, ўдовы і дзяўчыны,

Пры доўгай постаці стаім

 

І дружна жнём,

І паддаём

Адна адной

Ахвоты больш,

І песню жаласна пяём.

 

Асобна кожную загонам

Нас надзяліў пан-дабрадзей,

А над усімі злы аконам

Стаіць, ганяе жаць бардзей.

І мы ўсё жнём і г. д.

 

Агніста сонца прыпякае,

Ў губах язык засох, як косць,

Пот горкі вочы залівае,

Змачыў кашулю ўсю як ёсць.

А мы ўсё жнём і г. д.

 

Серп прыбаўляе ранаў косых,

Павеку рэжуць асцюкі,

Як п’яўкі, смокчуць кроў з ног босых

Аржоння вострыя сукі.

Але мы жнём і г. д.

 

Мы жнём, растуць снапы і мэтлі,

Мы жнём людзям, адно пабач:

Гаротным нам хоць лезь у петлі,—

Працуй на полі — дома плач.

І ўсё ж мы жнём і г. д.

 

Гэй, жнема, бабкі і дзяўчынкі,

Гаруйма: гора — не напасць;

Пан справіць гучныя дажынкі:

За пот, кроў, слёзы — водкі дасць!

 

Мы будзем піць,

Як гора п’ём,

Паноў хваліць

І дружна ім

Скрозь слёзы песню прапяём.

 

2 верасня 1906


02.09.1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан