epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Песня званара

На высокай гарэ, дзе ніхто не арэ,

Толькі птушка-арол дзе садзіцца,

Там збудую, ўзвяду, нізі ўсёй на віду,

Мураваную вежу-званіцу.

 

І завешу я звон, з усіх чутны старон —

Раўня голас і віхру, і грому.

Як пушчу яго ў ход, склічу ўміг карагод,

Ні адзін не заседзіцца дома!

 

Разгудзіцца мой звон ад акон да акон,

Душы збудзіць, па сэрцах удара,

Дрогнуць сковы цямніц, бліснуць іскры зарніц,

Заварушацца яры, папары.

 

На мой кліч вечавы хто жывы, чуць жывы,

Пад гарою касой загамоне.

Гулам звона скажу, сцежку-шлях пакажу

На прыволле, на ўродныя гоні!

 

За гарой за другой дам жывы вадапой,

Жыватворнае кожнаму зелле;

На нязлічаны час па нягодах папас

Усім тым, што цярпяць і цярпелі.

 

Гэткі будзе мой клік — і магуч, і вялік,

А не трапіць ён к душам прыспаным,—

Вызву гром, перуны — хай памогуць яны

Развагніць, затрасці ўсе паляны.

 

Стогне бура грымот. Я свой звон ход у ход

Размахну, як ніхто і ніколі;

Аж ад рук і ад хмур вежы рухне падмур,

Толькі розгалас пойдзе па полі.

 

Ляжа крушняю там вежа, звон і я сам,

Арол-птушка ўскрыліцца пад небам.

А навокал гары задымяць сцежары,

Груганамі ўскалышуцца вербы...

.............................................

І вясна, і зіма. Быў званар — і няма.

Ціха, ціха на белым прасторы.

Толькі жыў нежывы звону гул вечавы,

Аб тым шэпчуць дубы, ясакоры.

 

Йдзе, сыходзіць лет шмат. Званара помніць брат,

Помніць звон, а сястрыца — званіцу.

Аб высокай гарэ, дзе ніхто не арэ,

Казкі-байкі ліюцца крыніцай.

 

Як у прошчу па лек стане йсці чалавек

К мохам высланай крушні камення,—

Ад звана чарапок, цэглы — муру кусок —

Будуць несці падмогу ў цярпенні.

 

Буду ўсё званаром, хоць даўно пад дзярном

Спіць мая галава маладая.

Эх, бо ведае свет, што вялікіх дум цвет

Адно толькі на зломе ўзрастае!

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан