epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Піянерскае

1 - Будзь гатоў!
2 - Заўсёды гатоў!..


1 - Будзь гатоў!

Будзь гатоў ты, ваяка малы,

Ці то рана, ці позна!

Лётна так, як арлы-сакалы,

Не чакаючы слоў

Ад прынукі пагрознай,

Будзь гатоў!

 

Колькі сіл — сцяг дзяржы ў кулачку!

Бо як здарыцца справа,—

Не драмаць, верна быць начаку!

На ўбарону бацькоў

Піянерскаю славай

Будзь гатоў!

 

Не драмі, рэвалюцыі сын,

У звяне, у атрадзе!

Ў бубен бі, песні пей, кліч на чын!

А сястрыц і браткоў

Не даць крыўдзе і здрадзе

Будзь гатоў!

 

Нездарма, мой малы піянер,

Ты — чырвоная змена;

Думкі, сілу гартуй на манер

Сваіх старшых — бацькоў;

Стаць за волю нязменна

Будзь гатоў!

 

Беларусь спадзяецца з цябе

Мець свайго абаронцу,

Будзь жа ім, і ў жыцця барацьбе,

Ўжо даросшы гадкоў,

Яе весці да сонца —

Будзь гатоў!

 

2 - Заўсёды гатоў!..

Піянер я малады, хоць куды!

Не смучуся, смяюся, вясёлы;

Я не знаю ні бяды, ні нуды,

Бухну ў бубен — і пайшоў, і пайшоў...

Пераскочыць і горы, і долы

Заўсёды гатоў!

 

За свабоду я пайду хоць у вір,

Бо я вольны, як вецер, як птушка,—

Дзядзька Ленін мне адно — правадыр.

За працоўны народ проць акоў

Выйсці з песняй сваёй весялушкай

Заўсёды гатоў!

 

Не баяліся браць барыкад,

Як няволі ішлі крышыць сцены...

Я таксама разбураць стары лад,

Дзе застаўся ад мінулых вякоў,

Састарэўшым ваякам на змену

Заўсёды гатоў!

 

Хоць бабулі мне бурчаць, не маўчаць,

Што з багамі ніяк не міруся...

Чым папала я гаціць буду гаць;

Я не толькі ваяваць проць багоў,—

Нават чорта ганяць з Беларусі

Заўсёды гатоў!

 

Падрасці б мне, як мага найбардзей,—

Паказаў бы сваю моц і сілу!

Сцеражыся ўжо тады, ліхадзей!

Бараніць ў кожны час без адмоў,

Як быў, буду красу волі мілай

Заўсёды гатоў!

 

Вось які я піянер, хоць куды!

Не смучуся, смяюся, вясёлы;

Я не знаю ні бяды, ні нуды,

Бухну ў бубен — і пайшоў, і пайшоў...

Пераскочыць і горы, і долы

Заўсёды гатоў!

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан